Дзевяностагоддзю Акадэміі навук прысвячаецца!
Можа падацца, што ўсе таямніцы гісторыі беларускай навукі ўжо адкрыты, але творчая група праекта “Навукаманія” пераканае гледачоў у адваротным. З нагоды вялікага юбілея Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 90 год са дня заснавання – тэлеканал падрыхтаваў спецвыпускі навукова-папулярнай праграмы.
У выпуску ад 17 лістапада размова пойдзе пра развіццё беларускай навукі ў 21 стагоддзі, а, дзякуючы сучасным навуковым распрацоўкам, тэлегледачы “зазірнуць” і ў будучыню нашай навукі. У праграме – эксклюзіўнае інтэрв’ю са старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым. Акадэмік распавядзе пра новыя распрацоўкі, статус беларускай навукі ў свеце, праблемы кадраў і ўкаранення навуковых даследаванняў у вытворчасці. Апроч таго, гледачы пазнаёмяцца з адзінай у Беларусі жанчынай-акадэмікам і даведаюцца на мноства нечаканых і цікавых фактаў.
Нагадаем, “Навукаманія” – адзіны тэлевізійны сумесны праект Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і тэлеканала “Беларусь 3”. Кожная праграма прысвечана аднаму з напрамкаў у беларускай навуцы.
Па матэрыялах Белтэлерадыекампаніі (www.tvr.by)