Кіраўнік выдавецкага дома «Звязда» наведаў Навагрудскую бібліятэку

15.08.2023
Прагляды: 292

У раённай бібліятэцы ў Навагрудку прайшла сустрэча старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Звязда» Алеся Карлюкевіча з кіраўніцтвам установы. 

Дырэктар бібліятэкі Ірына Царук расказала пра тыя мерапрыемствы, якія праводзяцца калектывам яе дасведчаных, граматных, ініцыятыўных калег. Яна звярнула ўвагу на краязнаўчую работу бібліятэкараў, прадстаўленне кніжных навінак, скіраваных на патрыятычнае выхаванне чытача, пазнаёміла са стэндам літаратуры дзяржаўных выдавецтваў краіны, прысвечаных тэме генацыда беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну. Адзначыла таксама пільную ўвагу маркетолагаў, спецыялістаў бібліятэкі да кніг, якія выходзяць з падтрымкай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь па праграме сацыяльна значнай літаратуры.

Алесь Карлюкевіч прапанаваў правесці ў Навагрудку і Навагрудскім раёне цыкл сустрэч з беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі — членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дарэчы, навагрудскія бібліятэкары яшчэ раней падрыхтавалі тэатралізаваны праект, звязаны з творчасцю Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Абмеркаваны ў раённай бібліятэцы і шэраг іншых пытанняў па супрацоўніцтву СП Беларусі, выдавецкага дома «Звязда» з навагрудскімі прапагандыстамі кніжнага чытання.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».