Творчы вечар да 75-годдзя паэта, тэлерадыёжурналіста Навума Гальпяровіча адбыўся ў Мінску

Прысутныя з цікавасцю задавалі пытанні пра яго літаратурную працу, жыццёвы шлях, захапленні. Да гэтай размовы бібліятэка падрыхтавала са сваіх фондаў вялікую выстаўку са шматлікімі аўтарскімі зборнікамі, часопісамі, газетамі — яны сведчаць пра творчыя здабыткі Навума Гальпяровіча за час, што мінуў са з’яўлення яго першай публікацыі. З юнацтва захоплены творчасцю, ён і па сёння плённа працуе. На рахунку пісьменніка мноства кніг паэзіі і прозы, яго вершы пакладзеныя на музыку вядомымі беларускімі кампазітарамі.




Нечаканым для многіх прысутных стаў адказ пісьменніка на пытанне, пра яго даўнюю прыхільнасць да спеваў. У доказ сваёй любові да песні вядомы паэт праспяваў, а пасля атрымаў ад залы заслужаныя апладысменты. Дарэчы, такі ж «песенны сюрпрыз» можа быць і ў сцэнарыі яго будучага творчага вечара, які адбудзецца ў Доме літаратара.
Напрыканцы гэтай сустрэчы прыхільнікі творчасці Навума Гальпяровіча мелі магчымасць атрымаць аўтограф пісьменніка на першай старонцы аднаго з яго самых вядомых зборнікаў «Сюжэт для Вечнасці».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».