Унікальнае выданне пра жонку Коласа прэзентуе Выдавецкі дом «Звязда» 29 верасня

27.09.2022
Прагляды: 16

Унікальнае выданне пра жонку Коласа прэзентуе Выдавецкі дом «Звязда» 29 верасня

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 29 верасня адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага выдання «“Табой я жыў, табой жыву...” Пра жонку Якуба Коласа», выдадзенага Выдавецкім домам «Звязда».

Выданне прысвечана Марыі Дзмітрыеўне Каменскай — спадарожніцы жыцця беларускага Песняра — і змяшчае ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы. 

Укладальніцы кнігі — унучка Якуба Коласа, даследчыца творчасці Песняра Вера Даніілаўна Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа праўнучка класіка Васіліна Валер’еўна Міцкевіч — прапанавалі свае подступы да асэнвасавння ролі ў жыцці і творчасці Якуба Коласа яго нязменнай спадарожніцы Марыі Дзмітрыеўны.

У выданні арганічна спалучаюцца дакументальныя сведчанні і арыгінальныя творы, што забяспечвае і пэўную аб’ектывізацыю і прадстаўленні часу і чалавечых адносін, і жывое ўспрыманне даўніх эмоцый, турбот, асобасных повязей.

У прэзентацыі возьмуць удзел навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, музейныя супрацоўнікі, прыхільнікі творчасці паэта, родныя і блізкія Песняра.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».