Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прэзентавала кнігу «Максім Багдановіч»
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча выпусціла зборнік унікальных звестак пра беларускага паэта.
Кніга «Максім Багдановіч» з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» — гэта зборнік фрагментаў з лістоў і ўспамінаў, своеасаблівае «палатно з унікальных звестак пра Максіма Багдановіча, прадстаўленае ў храналагічным парадку, год за годам, паступова раскрываючы самаго паэта і яго атачэнне». Багаты ілюстрацыйны матэрыял, узяты з фондаў і архіваў розных музеяў, дапамае яшчэ лепш уявіць час, у які жыў класік.
— Менавіта з гэтага тома серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» абнавіла свой фармат, — распавядае дырэктар выдавецтва Алесь Бадак. — Яна існуе ў «Мастацкай літаратуры» ўжо шмат гадоў. Справа ў тым, што ранейшыя тамы складаліся з успамінаў, крытычных артыкулаў розных аўтараў, і ўсе гэтыя матэрыялы, як правіла, не пісаліся спецыяльна для іх, а з'яўляліся перадрукамі з іншых выданняў — як кніжных, так і перыядычных. У выніку нейкі жыццёвы ці творчы перыяд героя быў адлюстраваны вельмі падрабязна, а нейкі, наадварот, слаба. А пэўныя важныя і цікавыя перыяды ў жыцці героя ўвогуле аказваліся па-за кнігай. Том «Максім Багдановіч» пабудаваны па іншым — храналагічным — прынцыпе, таму біяграфія нашага слыннага паэта тут пададзена найбольш поўна.
Па словах Алеся Бадака, работа над выданнем ішла каля года.
— Трэба мець на ўвазе, — падкрэсліў ён, — што яна пачыналася не з нуля, паколькі ў музеі Багдановіча, дырэктар якога, Міхал Бараноўскі, з'яўляецца складальнікам кнігі, вельмі шмат робіцца па вывучэнні спадчыны класіка.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».