Замшаў: Мінская кніжная выстаўка — адзінае месца, дзе рускія пісьменнікі не адчуваюць сябе за мяжой

Адкуль нязменная цікавасць менавіта да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу? У чым яе асаблівасць для расійскіх літаратурных дзеячаў?
— Літаратуры Беларусі і Расіі настолькі блізкія, што Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — гэта, бадай, адзінае месца, дзе рускія пісьменнікі не адчуваюць сябе за мяжой, на выездзе. Вядома, гэтаму спрыяе найперш адна моўная прастора. Што важна: мерапрыемствы, якія праходзяць на расійскіх стэндах, збіраюць вельмі шмат наведвальнікаў. Заўважна, у Беларусі чакаюць расійскіх пісьменнікаў. Цеплыня і водгук чытацкай аўдыторыі, зразумела, вылучаюць Мінскую кніжную выстаўку сярод іншых. Як правіла, на міжнародных мерапрыемствах такога тыпу прысутнічаюць прадстаўнікі розных краін, прэзентуюць творы на розных мовах — і гэта нязменная спецыфіка, якая патрабуе ад удзельнікаў асаблівых намаганняў: у нашым выпадку — спецыяльных праграм, якія пазіцыянуюць рускую мову і культуру, лекцый, каб прыцягнуць людзей, стварыць пэўнае поле для пазнання не толькі сучаснай, але і класічнай літаратуры. У Беларусь жа мы прыязджаем як да старых сяброў.
— Ці бачыце і ці можаце назваць вартасці і недахопы кніжнага свята ў Мінску?
— Мінусаў я б не назваў: арганізацыя выстаўкі — заўсёды вялікі працэс, унутры якога закладзена шмат як удалага, так і не зусім. Тут многае залежыць ад кожнага стэнда той ці іншай краіны, які мае сваю праграму. Што важна, на беларускай выстаўцы-кірмашы выдатна прадстаўлена літаратура краін СНД, былога СССР. Іх дэлегацыі завітваюць сюды з задавальненнем. Усё ж колькі б ні раздзялі гэтую еўразійскую прастору, у культурным плане яна застаецца скроенай дастаткова шчыльна. Вялікі плюс, што мы можам сустрэцца з калегамі з блізкіх краін і абмеркаваць творчыя планы. Дарэчы, Мінская выстаўка-кірмаш характэрызуецца самай вялікай трываласцю. У перыяд пандэміі мерапрыемствы такога роду праходзілі толькі тут і ў Маскве, вядома, улічваючы ўсе пратаколы бяспекі.
— Які год удзелу ў Мінскай выстаўцы стаў самым запамінальным? Якую з выставак лічыце найбольш плённай?
— Калі па просьбе Аляксандра Карлюкевіча і Выдавецкага дома «Звязда» я заняўся перакладамі «Санетаў» Янкі Купалы на рускую мову, што да з’яўлення ў змястоўным зборніку былі апублікаваны ў «Литературной газете». Для мяне было важна, што высілкі ацанілі беларускія чытачы. Нават у музеі Купалы дзякавалі, уручылі грамату. Разумею, работа атрымалася сапраўды такой, якой яе хацелі бачыць заказчыкі.
— Што да рускіх чытачоў: яны нейкім чынам адгукнуліся на пераклад знакамітага цыкла беларускага класіка?
— Так, расійскія чытачы ацанілі яго. У нас увогуле шмат чытаюць. Гэта міф, што Расія перастае быць краінай, якая чытае. Расія хутчэй перастае быць краінай, якая купляе шмат кніг па цэлым шэрагу прычын: і спецыялізаваных крам няшмат, і кнігі дарагія, і асартымент празмерна багаты, крыху заблытаны нават для дасведчанага чытача. Да таго ж існуе вялікая колькасць электронных рэсурсаў, якія для многіх больш зручныя, чым друкаваная кніга. У іх ліку, на жаль, шмат пірацкіх. Калі б з’явілася магчымасць сумарна палічыць чытанне не па колькасці прададзеных у кніжных крамах выданняў, а па факце знаёмства з творамі, не думаю, што мы былі б на ніжніх пазіцыях рэйтынгаў у свеце. Так ці інакш, для нашых чытачоў беларускія пісьменнікі і паэты — Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч — культавыя і заўсёды цікавыя. Увагу іх творы ў перакладзе на рускую мову, безумоўна, выклікаюць.
— Ці ёсць цяпер перспектывы падобных праектаў, як пераклад «Санетаў» Янкі Купалы?
— Перспектывы ёсць заўсёды. Сутнасць у тым, што такія праекты ствараюцца на энтузіязме, таму нават пэўныя эканамічныя праблемы, якія натуральным чынам узнікаюць у эпоху капіталізму, не могуць перашкодзіць іх з’яўленню і развіццю. Ведаю, што ёсць ідэя перакласці на розныя мовы некаторыя творы Якуба Коласа. На ўдзел у праекце я пакуль дакладнай згоды не даў — дапісваю вялікі раман, які не дае магчымасці адхіліцца ўбок ужо два з паловай гады. Аднак я заўсёды адкрыты для розных ідэй, якія прапаноўваюць беларускія калегі.

— Увогуле ж у сённяшніх умовах наколькі міжнародныя кніжныя выстаўкі ўплываюць на рознага роду супрацоўніцтва?
— Гэта такія мерапрыемствы, якія хутчэй пазіцыянуюць тыя ці іншыя краіны. Іншая задача выставак — работа па куплі-продажы праў. Так, у кожнай выстаўкі свету ёсць пэўны нюанс, адценне, якое яе адрознівае ад іншых. Кантакты — справа чалавека з чалавекам, арганізацыі з іншай арганізацыяй. Зараз, вядома, некаторыя замежныя пэўны час не будуць узаемадзенічаць з намі так, я гэта рабілі раней. Хаця не факт. Упэўнены, што пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва, пытанні слова здольны пераадолець палітычную рознаўсобіцу. Між тым не трэба цешыць сябе ілюзіяй, што краіны той жа Еўропы — гэта адзіны свет, з якім у культурнай сферы ёсць неабходнасць узаемадзенічаць. На іх рынку рускім і беларускім пісьменнікам першапачаткова вельмі складана сапернічаць: ён перанасычаны, шмат у чым скіраваны на ўнутраную аўдыторыю, а таксама пазіцыяніраванне сябе ў іншай прасторы, меней арыентаваны на тое, каб творцы іншых культур прадстаўлялі сябе. Аднак ёсць жа велізарны арабскі кніжны рынак, вельмі цікавяцца рускамоўнай кнігай у Індыі, нельга абмінуць і перспектыў супрацоўніцтва з Кітаем... Свет неабсяжны, і цяпер, калі ў ім столькі напружання, натуральным чынам людзі вернуцца да слова, і, галоўнае, да слова друкаванага.
— А чым, на вашу думку, дрэннае чытанне з электроннага носьбіта?
— Як правіла, у гэтым выпадку чалавек не канцэнтруецца толькі на адным творы. Ён пераключаецца на іншы, заходзіць у інтэрнэт, яго адцягваюць навіны, якія ўсплываюць... Якраз кніга ці газета ў значнай ступені дапамае ўспрыманню тэксту. Мы, напрыклад, аналізуем, як чытаюць «Литературную газету» на сайце і ў папяровым выглядзе. Сёння колькасць чытачоў абедзвюх версій прыкладна аднолькавая, аднак відавочна, што чытач традыцыйнай газеты бавіць з ёй больш часу, чым інтэрнэт-карыстальнік з тэкстамі таго ці іншага нумара. Між іншым папулярнасць выдання не вымяраецца выключна тым, колькі яго купілі ці выпісалі, трэба ж улічваць бібліятэкі. Апошнім часам карыстальнікаў там стала значна больш. Зразумела: кнігі сёння дарагія, да таго ж некаторым умовы не дазваляюць захоўваць шмат выданняў дома. Дарэчы, менавіта бібліятэка дае зразумець, наколькі твор папулярны. Тыраж і узровень продажу залежыць ад піяру і магчымасцей выдавецтва. Таму рэйтынгі лідараў продажу лічу не зусім справядлівымі ў дачыненні да якасці і сапраўднай папулярнасці літаратуры.
— Каго з сучасных расійскіх аўтараў лічыце вартымі ўвагі і можаце параіць іх творы беларускаму чытачу?
— Можна рэкамендаваць толькі адно — больш чытаць, з часам ён сам разбярэцца. Усё ж у такіх парадах ёсць пэўная хітрасць, таму магу сказаць толькі пра асабістыя перавагі. Назаву Дзмітрыя Быкава — лічу яго цудоўным пісьменнікам, хоць і не цалкам пагаджаюся з яго поглядамі. Мне прыемна, што творы Яўгена Вадалазкіна добра прадаюцца. Заўсёды цікава чытаць тое, што піша Захар Прылепін. Варта пазнаёміцца з творамі Паўла Крусанава, Валерыя Папова, Ксеніі Букшы, Марыны Сцяпновай, Андрэя Рубанава, Міхаіла Елізарава, Сяргея Шаргунова, Аляксандра Праханава, Мікалая Іванова, Вольгі Пагодзінай-Кузьміной, Таццяны Масквіной... Падабаецца крыху меней знакаміты пісьменнік Сяргей Кузняцоў, наступнік Томаса Пінчана, класіка амерыканскага постмадэрнізму. Між тым вельмі цікавыя кнігі выходзяць у Выдавецкім доме «Городец» — у серыі, якую вядзе Вадзім Левенталь. Там сустракаюцца імёны, якія яшчэ не ўвайшлі ў вялікі ўжытак. Сярод іх — Дзмітрый Кудроў і Аляксандр Пялевін.

Гутарыла Яўгенія Шыцька
Фота Кастуся Дробава
Інтэрв'ю падрыхтавана Выдавецкім домам «Звязда».