Беларуская калекцыя “Лістапада” на “Беларусь 3”

Беларуская калекцыя “Лістапада” на “Беларусь 3”

2 лістапада адкрываецца XXV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад". Тэлеканал "Беларусь 3" напярэдадні фестывалю пакажа фільмы - прызёры мінулых гадоў, паглыбіць з галавой гледачоў у свет якаснага аўтарскага кіно і парадуе іх як штодзённымі спецвыпускамі "Навін культуры", так і паказам ігравых стужак - беларускіх лаўрэатаў конкурсу "Лістапад". Акрамя гэтага, тэлеканал плануе паказ некаторых фільмаў - дыпламантаў нацыянальнага конкурсу і конкурсу нацыянальных кінашкол сёлетняга, юбілейнага фестывалю.

1 лістапада а 15:35 і 22:35 "Беларусь 3" пакажа драму Канстанціна Лапушанскага "Роля" (Расія-Беларусь-Фінляндыя-Германія, 2013). Гісторыя пачынаецца ў 1919 годзе ў Сібіры. Малады правінцыйны акцёр Мікалай Яўлахаў вандруе з часцямі Белай арміі ад станцыі да станцыі, спрабуючы выратавацца ад чырвоных. На станцыі Рытва чырвоным удаецца захапіць цягнік, у якім знаходзіцца Яўлахаў. Прынята рашэнне расстраляць белых афіцэраў. Каб аддзяліць вайскоўцаў ад цывільных асоб, камандзір чырвоных Плотнікаў ідзе ўздоўж строю і асабіста вызначае, каму жыць, а каму не. У Яўлахаве ён бачыць чалавека, падобнага на яго самога.

Раптам конніца белых прарываецца да станцыі і пачынаецца жорсткі бой. Плотнікаў гіне, а палонныя разбягаюцца, сярод іх і Яўлахаў. Выхаваны ў эстэтыцы сімвалізму і тэорыі, што вышэйшая форма акцёрства - гэта акцёрства ў дэкарацыях рэальнага жыцця, ён расцэньвае ўсё тое, што адбылося з ім, як унікальны шанц здзейсніць неймаверны подзвіг мастацтва, на які толькі здольны акцёр.

2 лістапада а 15:05 і 22:15 тэлегледачы ўбачаць карціну Ільдара Раага "Я не вярнуся" (Расія-Беларусь-Эстонія-Фінляндыя, 2014). Фільм распавядае пра маладую выкладчыцу ўніверсітэта Аню, якая, знаходзячыся на старце сваёй кар'еры, становіцца ахвярай ілжывага абвінавачання ў захоўванні наркотыкаў.

Карыстаючыся сваёй дзіцячай знешнасцю, Аня спрабуе схавацца ў дзіцячым прыёмніку-размеркавальніку. Там яна сустракае Крысціну, самотную 13-гадовую дзяўчынку, якая марыць уцячы да сваёй бабулі ў Казахстан. Аня прымае рашэнне ўцячы разам з Крысцінай…

Па матэрыялах телеканала “Беларусь 3”
Апублікавана:
Праглядаў:
943