Сістэма «Саюздруку» адзначае 100-гадовы юбілей

Сістэма «Саюздруку» адзначае 100-гадовы юбілей

21 лістапада 1918 года Савет народных камісараў прыняў дэкрэт, згодна з якім са снежня ва ўсіх установах паштова-тэлеграфнага ведамства павінны былі пачаць прадаваць у розніцу перыёдыку і літаратуру. Гэта дазваляла шырока забяспечыць насельніцтва друкаванымі выданнямі.

Работу каардынавала агенцтва «Цэнтрадрук». Праз некалькі гадоў яго ліквідавалі, а распаўсюджванне газет і часопісаў даручылі выдавецтвам. У 1930-м, з-за росту тыражоў і найменняў прэсы, сістэму чарговы раз мадэрнізавалі — стварылі Усесаюзнае аб'яднанне «Саюздрук» з шырокай сеткай гарадскіх бюро.

Сёння кіёскі паступова замяняюцца на сучасныя павільёны. У некаторых з іх працуюць кавярні, дзе наведвальнікі могуць за кубкам кавы ці гарбаты азнаёміцца са свежай прэсай. Трэба сказаць, што новая форма гандлю ў пакупнікоў карыстаецца попытам. Пры замене кіёска на павільён самаабслугоўвання ў сярэднім таваразварот павялічыўся ў два разы. Стала таксама болей падпісчыкаў. А заробак у павільёне ў прадаўца вырас у 2—2,5 раза.

Да стагадовага юбілею распрацавана канцэпцыя «разумнага» павільёна новага фармату — мультыфункцыянальнага. Наведвальнікі змогуць размаўляць з прадаўцом на любой мове (для гэтага там ёсць анлайн-перакладчык), падзараджаць электронныя прылады, выклікаць таксі і «хуткую», заказваць трансфер у аэрапорт і за межы горада. А ў будучыні — аплачваць «камуналку», набываць білеты на канцэрты і фестывалі і выбіраць падарункавыя сертыфікаты забаўляльных цэнтраў і буйных крам.

Спецыяльна да Еўрапейскіх гульняў — 2019 для замежных гасцей сталіцы ў павільёнах з'явяцца карысныя інтэрактыўныя памочнікі — гарадскі навігатар і электронны кансультант-перакладчык.

У хуткім часе будзе абноўлена інтэрнэт-крама bsресhаt.bу, дзе кожны ахвотны зможа праз смартфон ці камп'ютар заказаць неабходныя тавары ў зручны для яго кіёск і забраць па дарозе дадому. Больш сучасным стане і сайт прадпрыемства sоuzресhаt.bу: там знойдзецца актуальная інфармацыя аб падзеях у медыйнай прасторы краіны, вакансіях, навінках прадукцыі.

 

(Крыніца - http://zviazda.by/be/news/20181120/1542727840-syonnya-sistema-sayuzdruku-adznachae-100-gadovy-yubile...)

Апублікавана:
Праглядаў:
1 477