4 верасня пачынае работу 32-я Маскоўская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

4 верасня пачынае работу 32-я Маскоўская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

4 верасня пачынае сваю работу 32-я Маскоўская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, ганаровым госцем якой сёлета будзе Беларусь. Айчынныя выдаўцы прадставяць на форуме мноства цікавых праектаў, запросяць у госці вядомых беларускіх касманаўтаў і спартсменаў, а таксама прывязуць на выстаўку...зубра.

Плошча беларускага нацыянальнага стэнда на ВДНГ складае 222 квадратныя метры і будзе шчыльна запоўненая не толькі ўласна кнігамі, але і іншымі цікавымі падзеямі і праектамі. "У нас будзе прэзентацыйная частка, будзе кніжная экспазіцыя са штодзённым абнаўленнем, месца для работы з аўтарамі, гандлёвая пляцоўка ад "Белкнігі", — расказаў намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі.

Кожны з пяці дзён выстаўкі, расказала дырэктар выдавецтва "Народная асвета" Вікторыя Калістратава, мае канкрэтны тэматычны кірунак і напаўненне.

Так, першы дзень пад умоўнай назвай "Усе госці ў дом" прадставіць міжнародныя кніжныя праекты, у тым ліку сумесны беларуска-расійскі літаратурны праект "Сугучча", у якім беларуская паэзія прагучыць на мовах народаў Расіі, а сусветныя і сучасныя расійскія вершы будуць чытацца ў перакладзе на беларускую.

Другі дзень прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў: шырокая аўдыторыя пазнаёміцца на беларускім стэндзе з кніжнай серыяй "Беларусь. Трагедыя і праўда памяці", якая стала пераможцам міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі краін СНД" у намінацыі "Перамога", а кніга пра Хатынь разышлася настолькі хутка, што спатрэбілася выпускаць дадатковы тыраж.

Дзень трэці будзе прысвечаны тэме малой радзімы і раскажа пра турыстычны патэнцыял нашай краіны — іміджавыя выданні і праекты па гісторыі нацыянальных касцюмаў, кухні, рамёстваў, традыцый прэзентуюць не толькі выдавецтвы, але таксама літаратурныя музеі Беларусі, замкавы комплекс "Мір", Нацыянальная і Прэзідэнцкая бібліятэкі.

На чацвёрты дзень наведвальнікаў чакаюць сустрэчы з папулярнымі беларускімі аўтарамі, сярод якіх Наталля Батракова і Людміла Рублеўская; таксама на прэзентацыю кніжнай серыі "Асобы" абяцаюць зазірнуць вядомыя касманаўты, а выданне пра гісторыю беларускага біятлону "ажывяць" некаторыя яго героі-спартсмены.

Нарэшце, у заключны, пяты дзень выстаўкі беларускі стэнд будзе цалкам аддадзены чытачам і асалодзе чытання добрых кніг.

Сярод іншых знакавых выданняў, якія беларускія кніжнікі пакажуць на міжнародным маскоўскім форуме — прэзентацыя праекта Уладзіміра Ліхадзедава "У пошуках страчанага", наўпрост звязанага з 25-годдзем інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне — менавіта за гэты тэрмін убачылі свет 25 кніг, якія ілюструюць у старых паштоўках і рарытэтных фотаздымках даўнюю і сучасную гісторыю нашых гарадоў і мястэчак.

Дапоўніць гэты праект адмысловы арт-аб'ект, які сімвалізуе вытокі беларускага і сусветнага пісьменства — скульптура "друкарскага" зубра, сабраная з дэталяў старых друкарскіх станкоў і шрыфту. А прыемным сюрпрызам для пакупнікоў беларускіх кніг стане магчымасць бясплатна наведаць інтэрактыўную экспазіцыю "Друкарскі двор ХVІ стагоддзя" і надрукаваць на дзеючым станку па старажытных тэхналогіях 1-ю старонку скарынаўскай Бібліі... І гэта, падкрэсліваюць удзельнікі нашай дэлегацыі, далёка не ўсе з запланаванага.

Дарэчы, з улікам высокага чытацкага інтарэсу ўпершыню арганізатары ММКВК павялічылі час работы выстаўкі адразу на дзве гадзіны — з 10 да 20. Наогул удзел у сёлетнім форуме, як чакаецца, возьмуць выдавецтвы з больш як 25 краін свету.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.


Апублікавана:
Праглядаў:
43
Падзяліцца ў сац.сетках