«Адзінствам і любоўю ўратуемся»

«Адзінствам і любоўю ўратуемся»

Навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая з’яўляецца неад’емнай часткай Дня беларускага пісьменства, сёлета пачнецца 1 верасня і пройдзе праз Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Салігорскі, Уздзенскі раёны. Агульная працягласць маршруту – 780 км.
 Асноўнай тэмай усіх мерапрыемстваў, запланаваных падчас экспедыцыі, стане Дзень народнага адзінства.

Паводле слоў кіраўніка экспедыцыі Аляксандра Лапата-Загорскага, заўсёдны дэвіз экспедыцыі – выказванне Серафіма Раданежскага «Адзінствам і любоўю ўратуемся» – асабліва актуальны сёлета, у Год народнага адзінства. Усталяванне згоды, узаемапаразумення і ўзаемапавагі – адна з асноўных тэм выступленняў удзельнікаў на шматлікіх духоўна-асветніцкіх сустрэчах, якія праводзіліся на папярэдніх маршрутах і запланаваны ў раёнах, што будуць наведаны «Дарогай да Святыняў – 2021».

Пачнецца экспедыцыя традыцыйным малебнам аб вандруючых ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Паломнікі пранясуць па маршруце незгасальную лампаду з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і цудатворную Загор'е-Сталавіцкую ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Падчас вандроўкі ўдзельнікі экспедыцыі – святары праваслаўнай царквы, вядомыя дзеячы навукі, культуры, мастацтва – наведаюць бальніцы і адукацыйныя ўстановы, дзіцячыя дамы і інтэрнаты для пажылых людзей.

Добрай традыцыяй «Дарогі да Святыняў» з'яўляецца пасадка дрэў у месцах наведвання з сімвалічнай назвай – Сад Малітвы, які закліканы быць успамінам аб сустрэчы.

Завершыцца экспедыцыя 5 верасня у г.Капыль – сталіцы Дня беларускага пісьменства – святочнай службай у храме Узнясення Гасподня, перадачай Благадатнага агню на свечкi вернікаў, сустрэчамі ўдзельнікаў экспедыцыі з жыхарамі г.Капыль.
Апублікавана:
Праглядаў:
366