Аматарам краязнаўства

ААТ “Белкніга” пачынае цыкл прэзентацый краязнаўчых кніг.

Так, 15 жніўня краязнавец і выдавец Віктар Хурсік пры ўдзеле ААТ “Белкніга” ладзіць выставу краязнаўчых кніг і прэзентацыю кнігі “Vale!” пра род і лёс Магдалены Радзівіл з роду Завішаў.

За час выдавецкай дзейнасці В.Хурсік выдаў больш за 450 назваў кніг. Большасць з іх – краязнаўчыя даследаванні на беларускай мове.

На выставе можна будзе ўбачыць кніжкі розных аўтараў, якія выходзілі ў свет цягам апошніх 25 гадоў. Сярод іх – серыя брашур “Ведаць свой край – Беларусь” (14 назваў, аўтары: Алесь Махнач, Уладзімір Цэйкін, Віктар Грыбко, Віктар Скараход і іншыя).

На выставе будзе цалкам прадстаўлена серыя даведачных кніг для краязнаўцаў Яўгена Анішчанкі – спісы шляхты беларускіх паветаў і ваяводстваў канца XVIII стагоддзя (усяго 11 паветаў і назваў), а таксама дадаткі да кнігі хронік ”Памяць. Лунінецкі раён”, складзеныя Таццянай Канапацкай (6 назваў). Краязнаўчыя кнігі Міхася Карпечанкі, Уладзіміра Содаля, Мікалая Гайбы, Наталлі Вайцяховіч і іншых аўтараў.

Дакументальная кніга “Vale!” – пераможца ў нацыянальным літаратурным конкурсе ў жанры публіцыстыкі. Матэрыялы для яе збіраліся аўтарам шмат гадоў у замежных і беларскіх архівах, гэта адзінае і найболь поўнае выданне пра дзіцячыя гады, станаўленне светапогляду, грамадсую і палітічную дзейнасць Магдалены Радзівіл з роду Завішаў, якая фінансавала беларускае Адраджэнне на пачатку XX стагоддзя.

На заканчэнне можна будзе азнаёміцца з навінкай, выдадзенай В.Хурсікам, – кніжкай “Мінскія абразкі”.

Мерапрыемства пройдзе ў абноўленым памяшканні кнігарні “Светач” (г.Мінск, праспект Пераможцаў, 11). Пачатак а 17-й гадзіне.

Апублікавана:
Праглядаў:
26
Падзяліцца ў сац.сетках