«Беларусь 3» абвяшчае «Тыдзень кнігі»

«Беларусь 3» абвяшчае «Тыдзень кнігі»

З 5 па 9 лютага ў сталіцы пройдзе XXVII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. З нагоды культурнай падзеі тэлеканал «Беларусь 3» прапануе гледачам тэматычную эфірную акцыю «Тыдзень кнігі» – шэраг уласных праектаў, прысвечаных беларускім пісьменнікам, канцэртныя літаратурна-музычныя праграмы, відэаролікі з вершамі вядомых паэтаў у выкананні беларускіх артыстаў, а таксама штодзённыя спецвыпускі праграмы «Навіны культуры».

На працягу ўсёй выставы карэспандэнты «Навін культуры» будуць прапаноўваць гледачам шматлікія інтэрв’ю з пісьменнікамі і выдаўцамі, а таксама рэпартажы з галоўных мерапрыемстваў кніжнага форуму. 4 лютага, напярэдадні адкрыцця выставы, у «Навінах» запланавана інтэрв’ю з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Карлюкевічам.

Таксама 4 лютага ў 23.30 «Беларусь 3» пакажа выпуск праграмы «Запіскі на палях», якая распявядае пра малавядомыя факты з жыцця і творчасці класікаў айчыннай літаратуры. Першы з трох выпускаў, якія тэлеканал пакажа падчас акцыі, прысвечаны Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

5 лютага ў 20.00 гледачы сустрэнуцца з паэткай Кацярынай Массэ ў праекце «На вышыні».

Настроіць на адпаведны лад раніцай 6 лютага спецвыпуск праграмы «Дабраранак», а ў 13.05 канал пакажа гала-канцэрт «Льецца песня па-над Шчарай», запісаны ў мінулым годзе да Дня беларускага пісьменства. У 23.25 гледачоў чакаюць «Запіскі на палях» пра Аркадзя Куляшова.

7 лютага ў 12.55 «Беларусь 3» прапануе канцэртную праграму «Зорны карагод» з Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2019».

8 лютага ў 11.20 праект «Запіскі на палях» распавядзе пра лёс і творчасць Івана Мележа, а пасля, у 11.45, гледачы ўбачаць кінаэпапею «Людзі на балоце. Палеская хроніка» («Беларусьфільм», 1981) паводле яго аднайменнага рамана. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі.