Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў кнігавыданні

Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў кнігавыданні

Гістарычны дэтэктыў Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» плануецца перакласці на кітайскую мову. Гэты маштабны міждзяржаўны праект, прымеркаваны да 90-гадовага юбілею беларускага класіка, беларуская дэлегацыя абмяркоўвала з кітайскімі выдаўцамі ў межах 26-й Пекінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі.

Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі, намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі, супрацоўніцтва нашых краін у галіне кнігавыдання доўжыцца не адзін год і мае канкрэтныя вынікі. Так, у Мінску ў перакладзе на беларускую і рускую мовы выдадзеныя ўжо больш за 30 кітайскіх аўтараў, ад класікаў Лі Бо, Ван Вэя, Ду Фу да сучасных літаратараў паэта Ван Гочжэня і славіста Ван Цзянчжаа.

Пры фінансавай падтрымцы кітайскага боку ў Беларусі выйшлі тэматычныя нумары часопісаў «Нёман», «Маладосць», «Бярозка» і «Вясёлка».

У Кітаі, у сваю чаргу, сёлета ўбачылі свет «беларускі» нумар аўтарытэтнага часопіса «Захад» і адмысловае выданне «10 выдатных людзей Беларусі» (яно ўключае, у прыватнасці, літаратурныя біяграфіі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і балетмайстра Валянціна Елізар'ева, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч і першадрукара Францыска Скарыны) а ў хуткім часе выйдзе з друку кніга Сі Цзіньпіна пра дзяржаўнае кіраванне — на беларускай мове.

Наступным крокам мусіць стаць пераклад і распаўсюджванне на тэрыторыі Кітайскай народнай рэспублікі твораў беларускіх аўтараў. У якасці пілотнага праекта абраная кніга Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». І хоць адзін толькі высакаякасны прафесійны пераклад твора на кітайскую мову, паводле ацэнак спецыялістаў, будзе каштаваць 15—17 тысяч долараў, але гэтую работу абодва бакі лічаць важнай і перспектыўнай. Сярод іншых праектаў, якія выклікалі цікавасць у кітайскіх выдаўцоў, — пераклад беларускіх народных казак і кніг для дзяцей і падлеткаў, сумесны выпуск вучэбнай літаратуры, дапаможнікаў і мультымедыйных дадаткаў да яе.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
816