Беларуская дэлегацыя на Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Ашхабадзе

Беларуская дэлегацыя на Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Ашхабадзе

5 лістапада ў сталіцы Туркменістана адкрыецца чарговая Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Пазнаёміць яе гасцей з беларускім кнігавыданнем завітала і дэлегацыя Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні адкрыцця выстаўкі прайшла рабочая сустрэча беларускай дэлегацыі з намеснікам старшыні Туркменскай дзяржаўнай выдавецкай службы спадаром Нурчахедам Ямгуравічам Іябярэнавым. Пра сучасны стан беларускага кнігадрукавання распавёў кіраўнік дэлегацыі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь – начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці  Уладзімір Андрыевіч. Удзел у сустрэчы прынялі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга» Генадзь Сілінскі. Туркменскаму боку было перададзена запрашэнне да ўдзелу ў традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, а таксама – у Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час».

Спадар Н.Іябярэнаў заўважыў, што ў Беларусі і Туркменістана існуюць трывалыя літаратурныя і кнігавыдавецкія сувязі. Улічваючы, што ў Беларусі вучыцца нямала студэнтаў з Туркменістана, ішла размова і пра кнігі туркменскіх выдавецтваў у беларускім кнігагандлі. Для гэтых мэтаў, дарэчы, у Мінску правялі рэбрэндынг адной з кнігарняў, назваўшы гандлёвы аб’ект наступным чынам – «Дружба». У кнігарні з такой назвай ужо ёсць паліцы з кніжнымі навінкамі на кітайскай, англійскай, казахскай і іншых мовах народаў свету.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
253