Беларуская кніга на кніжным форуме ў Львове
Пачаў сваю работу 25-ы Форум выдаўцоў у Львове, удзел у якім прымае дэлегацыя Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На працягу 5 дзён госці і ўдзельнікі форуму змогуць наведаць амаль 1000 культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, пагутарыць з аўтарамі і набыць кнігі. Увесь Львоў традыцыйна ператварыўся ў форум выдаўцоў. Мерапрыемствы праходзяць на розных пляцоўках горада. Гэта і Палац Мастацтваў (галоўная пляцоўка), і Цэнтр Мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, і Львоўскія абласная і дзіцячая бібліятэкі, Палац Патоцкіх, Львоўскі нацыянальны ўніверсітэт імя.І.Франко, Львоўская абласная нацыянальная філармонія і многія іншыя
У афіцыйным брыфінгу з нагоды адкрыцця форуму прынялі ўдзел Старшыня камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях культуры і духоўнасці Мікола Княжыцкі, Віцэ-прэм'ер Украіны Павел Разенка, Міністр культуры Яўген Нiшчук, Старшыня Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінютка, мэр горада Львова Андрэй Садовы, прэзідэнт Украінскай асацыяцыі кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў Аляксандр Афонін, прэзідэнт Украінскай бібліятэчнай асацыяцыі Ірына Шаўчэнка, прэзідэнт праўлення Форуму выдаўцоў Аляксандра Коваль.
На стэндзе "Кнігі Рэспублікі Беларусь» у першы дзень форуму прайшла прэзентацыя зборніка паэзіі ўкраінскіх аўтараў «На арэлях натхнення». Адбыліся сустрэчы з Мікалаем Зубковым – даследчыкам творчасці Тараса Шаўчэнкі і вядомым украінскім аўтарам Міхаілам Слабашпіцкім.