«Белкніга»: геаграфія кнігарняў

«Белкніга»: геаграфія кнігарняў

На 1 кастрычніка 2019 года ў сістэме ААТ «Белкніга» працуюць 102 гандлёвыя аб’екты – кнігарні, кіёскі, павільёны. Статыстыка часам мяняецца: то павялічваецца, то памяншаецца. Апошнім часам яна змянілася ў бок скарачэння за кошт закрыцця кніжных кіёскаў.

Наўмысна прадстаўляем геаграфію размяшчэння гандлёвых аб’ектаў «Белкнігі», бо гэта сетка найбуйнейшая па продажы кніг у нашай краіне. Ёсць яшчэ гандлёвая кніжная сетка ў Белкаапсаюзе. Працуюць у Беларусі і шмат прыватных кнігарняў.

Што да «Белкнігі», то «геаграфія» наступная: у Мінску – 22 крамы, 7 кіёскаў, 1 павільён; Мінскай вобласці – 10 крам; у Брэсце і Брэсцкай вобласці – 13 крам, 1 кіёск, 1 павільён; у Віцебску і вобласці – 16 крам, 1 кіёск, 3 павільёны; у Гомелі і вобласці – 11 крам і 1 павільён; у Гродне і вобласці – 12 крам; у Магілёве і вобласці – 3 крамы.

Самыя буйныя крамы, зразумела, – у Мінску: «Цэнтральная кнігарня» і «Светач». Калі гаварыць пра раённыя цэнтры, гарады абласнога падпарадкавання, якія маглі б пахваліцца наяўнасцю ў іх кнігарняў, то іх 21. Яшчэ кнігарні ёсць у Смілавічах і Бараўлянах на Міншчыне, у Новалукомлі на Віцебшчыне, у Бярозаўцы на Гродзеншчыне. Вось і ўся геаграфія!..

За апошнія гады, нягледзячы на тое, што ў прыняцці рашэння першасным з’яўляецца эканамічны аргумент, новыя аб’екты кніжнага гандлю ўсё ж адкрываюцца. Як прыклады сёлетняга года – кнігарні «Букініст» у Магілёве і «Санет» у Слоніме. Параўнальна нядаўна адкрыліся гандлёвыя аб’екты «Белкнігі» ў Бараўлянах, Іванаве, Ганцавічах, Оршы, Бабруйску. Будзем рухацца і далей. Вельмі спадзяёмся на падтрымку мясцовай улады ў гэтых клопатах, а таксама на працу кніжных выдавецтваў, якім, несумненна, таксама варта пашыраць геаграфію распаўсюджвання кнігі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.


Апублікавана:
Праглядаў:
433