«Белкніга»: крыху гісторыі беларускага кнігагандлю

«Белкніга»: крыху гісторыі беларускага кнігагандлю

Сетка гандлёвых аб’ектаў ААТ «Белкніга» складаецца са 101 кнігарні і кніжных павільёнаў, кіёскаў. Кнігарняў у гэтым пераліку – 89. Сёлета, у жніўні, ААТ «Белкніга» спаўняецца 75 гадоў. Мяркуем, што цікава было б ведаць, калі, у якія дзесяцігоддзі найболей інтэнсіўна складвалася сетка айчыннага кнігагандлю. Якімі былі вытокі? На якія гады прыпаў найбольшы рост?

З просьбай адказаць на гэтыя пытанні мы звярнуліся да генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга» Аляксандра Вашкевіча:

– Першыя кнігарні, якія зараз уваходзяць у нашу сістэму продажаў кнігі, адкрыліся ў 1946 – 1949 гг. Спярша – у 1946 годзе – у Гомелі. Зараз гэта магазін №2. Праз год з’явілася кнігарня ў Касцюкоўцы. У 1948 былі адчынены «Раніца» ў Гродна і «Кругозор» у Вілейцы. А яшчэ праз год – кніжная крама пад назвай «Кніжны мір» у Лідзе. У 1950-х гадах пачалі працаваць адзінаццаць кнігарняў. У Мінску «ветэранам» з’яўляецца Цэнтральная кнігарня – «ЦКМ» (Цэнтральны кніжны магазін). Год нараджэння Цэнтральнай кнігарні – 1952. З 1960-х гадоў у «Белкнізе» – 15 кнігарняў. З 1970-х – 20. Наступнае дзесяцігоддзе – 12 кнігарняў… А адкрыццём з 1990-х – толькі дзве: мінскі «Эрудыт» і чацвёртая кнігарня ў Гомелі.

Пра 1990-я зразумела – час быў не для кніг. Хаця і тыражы ў асобных выданняў яшчэ працягвалі выходзіць дастаткова сур’ёзныя. Праўда, трэба зазначыць, што і зачыняліся кнігарні. Няма ўжо многіх з тых намоленых месцаў, куды прыходзілі кніжнікі ў 1970-1980-я гады, дзе шукалі сваю галоўную кнігу. Ды і была шмат большая колькасць кнігарняў у сетцы «Белкаапсаюза». Сёння ўжо няма і сеткі гандлю «Ваенная кніга». А былі ж адметныя кнігарні з гэтым «брэндам» і ў Мінску, Мар’інай Горцы, Гродна і іншых гарадах Беларусі. На памяці – кнігарні ў невялікіх параўнальна паселішчах: Дукоры, Рудзенску, Пухавічах…

Сёння, калі гаварыць пра пашырэнне колькасці гандлёвых аб’ектаў, ААТ «Белкніга» робіць усё магчымае для развіцця сеткі кнігарняў. З 2000 года па Беларусі адчынілася 19 кнігарняў. Будзем спадзявацца, што такая тэндэнцыя захаваецца.

Крыніца - sozvuchie.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
324