«Белкніга»: юбілей маладзечанскай кнігарні

«Белкніга»: юбілей маладзечанскай кнігарні

У чэрвені 2020 года спаўняецца 70 гадоў маладзечанскай кнігарні «Спадчына-М».

Сёння гэта адзін са 101 гандлёвага аб’екта ААТ «Белкніга». Адчынена была кнігарня 6 чэрвеня 1950 года. Можна толькі здагадвацца, якая вакол была пасляваенная атмасфера. І ўсё ж мясцовыя ўлады прынялі рашэнне адкрыць краму па продажы кніг. Значыць, была запатрабаванасць, значыць, не дужа маючы грошы, людзі ішлі за кнігай па адрасе Рэвалюцыйная, 1. Цяпер гэта вуліца Прытыцкага (з 1971 года). Дакладны сённяшні адрас кнігарні «Спадчына-М» – вуліца Прытыцкага, 7. Сапраўдны адрас асветніцтва і кніжнасці.

Маладзечна – багаты на літаратурную, мастацкую гісторыю горад. З горадам звязаны лёсы гісторыка, пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтара легендарнай кнігі «Старажытная Беларусь» Міколы Ермаловіча; краязнаўцы, гістарычнага публіцыста, доктара гістарычных навук Генадзя Каханоўскага; паэта, краязнаўцы, перакладчыка Пятра Бітэля, дзіцячага пісьменніка Янкі Галубовіча і шмат яшчэ каго з паэтаў і празаікаў Беларусі. У Маладзечна жыве і працуе руплівы краязнаўчы пісьменнік Міхась Казлоўскі, аўтар грунтоўнага выдання пра беларускае кнігазбіральніцтва. Несумненна, усе яны – і Мікола Ермаловіч, і Генадзь Каханоўскі, і Пятро Бітэль – не аднойчы завітвалі ў кнігарню «Спадчына-М». Будзем спадзявацца, што і ў юбілейныя дні на вуліцу Прытыцкага, 7 завітаюць пісьменнікі ўжо новых пакаленняў. Завітаюць, найперш, каб павіншаваць калектыў кнігарні з такім высокім юбілеем – 70-годдзем з дня нараджэння.

Зараз у гандлёвай прасторы маладзечанскай кнігарні, у якой працуе 11 чалавек, адначасова знаходзяцца кнігі і брашуры амаль 33 тысяч назваў. «І гэта даволі ўражлівая лічба, калі мець на ўвазе тое, што гандлёвая плошча кнігарні складае крышачку болей за 200 квадратных метраў, — разважае загадчык кнігарні Сяргей Антонавіч Субаткоўскі. – Летась, у 2019 годзе, і кніг, і папяровых і канцылярскіх тавараў мы прадалі амаль на адзін мільён рублёў. Сёлета паказчыкі ў параўнанні з мінулым годам меншыя. Вельмі хацелася б, каб з цягам часу, калі страхі пандэміі каранавіруса адыйдуць далей, пакупнікоў у «Спадчыне-М» стала болей. А мы ў сваю чаргу стараемся заўважаць і прапаноўваць для рэалізацыі амаль усе кніжныя навінкі Беларусі, а таксама кнігі, што выходзяць у Расійскай Федэрацыі».

Да 70-годдзя з дня нараджэння кнігарні калектыў «Спадчыны-М» адзначаны Падзякай Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Крыніца - sozvuchie.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
345