Благадатны агонь Дня беларускага пісьменства

Благадатны агонь Дня беларускага пісьменства

У Ваўкавыску адбылася прэзентацыйная канферэнцыя штогадовай міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» – адной з галоўных падзей свята пісьменства.

Сёлета яе ўдзельнікі рушаць у дарогу 26-ы раз, каб прывезці ў гарады і вёскі Беларусі Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга і Загор’е-Сталовіцкі вобраз Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Плануецца наведаць 10 населеных пунктаў Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Апошнім пунктам стане Слонім, дзе экспедыцыя далучыцца да святкавання Дня беларускага пісьменства.

У маршрут уключаны і горад Ваўкавыск. А пакуль яе ўдзельнікі прыехалі сюды, каб расказаць аб праекце. У раённай бібліятэцы і ваенна-гістарычным музеі адбыліся творчыя сустрэчы з жыхарамі горада.

Ініцыятарам «Дарогі да святыняў» у 1995 годзе стала беларуская пісьменніца, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаурэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Ніна Сямёнаўна Загорская. Яна была кіраўніком экспедыцыі на працягу многіх гадоў. Цяпер гэту ролю выконвае яе сын, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Мікалаевіч Лапата-Загорскі.

— Наша экспедыцыя мае духоўна-асветніцкія мэты. Мы прывозім у населеныя пункты Благадатны агонь і цудадзейную Загор’е-Сталовіцкую ікону Божай Маці, што была знойдзена пад Баранавічамі, у месцы, якое зараз называецца Святое поле, а ў 2000 годзе кананізавана. Ікона стала пуцяводнай для экспедыцыі. Мы верым і адчуваем яе уплыў і не раз бачылі, як яна дапамагае людзям у іх справах. Але мы не толькі прывозім святыні. Мы імкнемся нагадаць людзям пра іх карані, іх культуру. Мы робім усё, каб экспедыцыя штогод пашыралася і ўзмацнялася, і невыпадкова яна зараз – міжнародная.

Вось ужо 6 гадоў пастаянным удзельнікам экспедыцыі з’яўляецца настаяцель храма Св.Міколы Цудатворцы вёскі Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна протаіерэй Аляксандр Пачопка, на якога ўскладзена місія захавальніка Благадатнага агню.

Экспедыцыя Дарога-1.jpg

Удзельнікі экспедыцыі нясуць людям не толькі святло Благадатнага агню, але і святло ведаў. У яе склад уваходзяць святары, гісторыкі, археолагі, літаратуразнаўцы, паэты, пісьменнікі і артысты. Штогод да экспедыцыі далучаюцца людзі, неабыякавыя да гісторыі і культуры сваёй радзімы.

Для жыхароў населеных пунктаў, што наведвае экспедыцыя, гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца і пагутарыць з вядомымі прадстаўнікамі творчай і навуковай інтэлігенцыі. Падчас сустрэчы ў бібліятэцы і музеі перед жыхарамі Ваўкавыска выступілі супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Ігар Міхайлавіч Шаладонаў і паэт Вадзїм Браніслававіч Спрынчан.

Нярэдка ў склад экспедыцыі ўключаюцца прадстаўнікі раёна, які яна наведвае. Лізавета Іванаўна Мукасей, заслужаны работнік адукацыі з Слоніма, пачала сваю «Дарогу да святыняў» менавіта так. Яна падзялілася з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад удзелу ў экспедыцыях.

У райвыканкаме госці сустрэліся з прадстаўнікамі мясцовай улады, каб абмеркаваць мерапрыемствы 30 жніўня.

Інфармацыя падрыхтавана паводле матэрыялаў ваўкавыскага партала навін "Наш час".

Апублікавана:
Праглядаў:
1 031
Краіны:
Рэгіёны Беларусі: