Чым слова адгукнецца

Чым слова адгукнецца

Ужо дваццаць шосты раз пройдзе ўпадабанае ўсiмi намi свята — Дзень беларускага пiсьменства. Гэтым разам яго сустрэнуць на берагах Шчары, у старажытным Слонiме. Адкрыццё запланавана на 1 верасня, але ўжо 31 жнiўня а 11‑й гадзiне пачне працаваць пляцоўка «Слова пiсьменнiку» — пра гэта распавяла журналiстам ў Нацыянальным прэс‑цэнтры першы намеснiк старшынi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Алена Стэльмах.

Дэлегацыя саюза, а гэта каля ста чалавек, будзе прысутнiчаць на адкрыццi помнiка славутаму канцлеру Льву Сапегу, пасля пройдзе шэсцем да галоўнага месца свята, дзе а 12‑й гадзiне пачнецца ўрачыстая цырымонiя адкрыцця. У 14.30 адбудзецца канцэрт Саюза пiсьменнiкаў Беларусi «Край бацькоўскi, мой край родны». На iм прэзентуюць кнiгу «Мая радзiма» з фотаздымкамi Уладзiслава Цыдзiка i Яўгена Пясецкага i вершамi сяброў СПБ. Дарэчы, выстава твораў фотамастака Уладзiслава Цыдзiка «Бачу Беларусь такой» будзе прадстаўленая ў Слонiмскiм доме культуры.

Самай шматлiкай — тры дзясяткi пiсьменнiкаў — стане дэлегацыя Мiнскага гарадскога аддзялення СПБ — пра гэта паведамiў яго старшыня Мiхаiл Пазнякоў. Прагучаць выступленнi вядомых паэтаў Уладзiмiра Мазго, Анатоля Зэкава, Навума Гальпяровiча, Мiколы Шабовiча i iншых. Будуць i маладыя аўтары, якiм Мiнская пiсьменнiцкая арганiзацыя дапамагае ў тым лiку з выданнем кнiжак: Маргарыта Латышкевiч, Станiслава Умец, Кацярына Роўда, Таццяна Купрыянец.

Пра тое, як Гродзеншчына рыхтуецца прыняць свята слова, распавёў намеснiк старшынi Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Дзмiтрый Радзiвончык. Акцэнт — на рэгiянальнай лiтаратуры, каб паказаць багацце i разнастайнасць беларускага культурнага поля. 

Прыкрасiць свята «Друкарскi двор XVI стагоддзя» — рэканструкцыя вядомага гiсторыка i пiсьменнiка Уладзiмiра Лiхадзедава. Кожны жадаючы зможа надрукаваць на адноўленым станку Францыска Скарыны першы лiст славутай скарынiнскай Бiблii. У гэтым годзе ў аўтарскага праекта Уладзiмiра Лiхадзедава «У пошуках страчанага» своеасаблiвы юбiлей: выходзiць 25‑ы альбом аднайменнай серыi, у якой распавядаецца пра мiнулае Беларусi пры дапамозе старых фота i паштовак з калекцыi аўтара. Гэты юбiлей сугучны з 25‑годдзем беларускай дзяржаўнасцi, гэтаму будзе прысвечаная чарговая экспазiцыя праекта «У пошуках страчанага». Уладзiмiр Лiхадзедаў падрыхтаваў яшчэ два выбiтныя падарункi: альбомы «Гродна. Падарожжа ў часе» i «Слонiм. Падарожжа ў часе». У кожнай кнiзе — каля шасцi соцень унiкальных старых фота. Уладзiмiр Аляксеевiч распавёў яшчэ пра адно адгалiнаванне свайго глабальнага праекта: выпуск набораў з рэпрадукцыямi старых паштовак з яго калекцыi. Першыя выпускi прысвечаныя Мiнску, Гродна i Слонiму.

— Надалей плануем выпусцiць такiя наборы па ўсiх гарадах i населеных пунктах Беларусi, — падзялiўся планамi Уладзiмiр Аляксеевiч. — Гэта дапаможа павысiць цiкавасць, асаблiва ў моладзi, да гiсторыi краiны.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты "Рэспубліка".


Апублікавана:
Праглядаў:
1 029
Краіны: