Чытацкая асамблея Садружнасці прайшла ў Маскве

Чытацкая асамблея Садружнасці прайшла ў Маскве

У маштабным міжнародным праекце ўзялі ўдзел больш як 400 прадстаўнікоў з 17 краін. Арганізатарам форуму выступіў Расійскі кніжны саюз. 

Два гады таму ў Расіі была прынята дзяржаўная Праграма па падтрымцы дзіцячага і юнацкага чытання. Неабходнасць яе распрацоўкі ў Расіі палічылі важным фактарам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з улікам сілы ўплыву літаратуры і чытання на адукацыю, светапогляд і лад жыцця падрастаючага пакалення.

Праграма дала штуршок навацыям у кніжным свеце на вялікай расійскай прасторы. Напрыклад, сёлетні Тыдзень дзіцячай кнігі ў Расіі праходзіў у тым ліку і з удзелам беларусаў. Крыху раней беларускія спецыялісты-кніжнікі бралі ўдзел у І Еўразійскім форуме дзіцячай кнігі, які ладзіўся на пляцоўцы Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі ў Маскве.

І вось зноў паклікала да сябе Масква (гэтым разам вялікую беларускую дэлегацыю). Чытацкую асамблею было вырашана правесці менавіта сёлета — у год, аб’яўлены Годам кнігі ў краінах СНД.

Форум ладзіўся ўпершыню. Відавочна, што вялікая шматнацыянальная прастора сутыкнулася з аднолькавымі выклікамі лічбавай эпохі, вырашаць якія магчыма, аднавіўшы былыя сяброўскія сувязі. Таму на парадак дня асамблеі былі вынесены пытанні, актуальныя для ўсёй Еўразійскай супольнасці. Якая будучыня чакае кнігу і чытанне? Якія прыярытэты мае пісьменнік? Якія новыя мадэлі і сусветныя тэндэнцыі рухаюць кніжную індустрыю? Што адметнага, інавацыйнага ёсць у кніжнай практыцы кожнай з краін СНД? Як захаваць самабытнасць і развіццё нацыянальных літаратур ва ўмовах глабалізацыі інфармацыйнага асяродка?

Асамблея якраз і ставіла перад сабой задачу аб’яднаць намаганні ў справе прасоўвання кнігі і чытання, фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы кніжнай галіны на тэрыторыі дзяржаў былога СССР і не толькі.

Цікавы і досвед найлепшых практыкаў з Еўропы і ЗША, якім яны падзяліліся ў Маскве. Прэзідэнт Расійскага кніжнага саюза Сяргей Сцяпашын нагадаў пра заканамернасць: у конкурсе на самы чытаючы рэгіён Расіі звычайна перамагае той, дзе гэтаму актыўна спрыяе кіраўніцтва рэгіёна. Там, дарэчы, і больш паспяховае сацыяльна-эканамічнае развіццё. Як, напрыклад, у Белгародскай або Калужскай абласцях.

Прадстаўнікі Беларусі — аўтар гэтых радкоў, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г.Мінска Таццяна Швед, генеральны дырэктар ПК ААТ «Макбел» Дзмітрый Макараў, дырэктар навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Іна Юрык, дырэктар Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С.Пушкіна Святлана Гарадзецкая, прадстаўнік выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Ларыса Кучарава — бралі актыўны ўдзел у рабоце кожнай з пяці секцый асамблеі.

Беларусь, безумоўна, не ўбаку ад глабальных сусветных працэсаў, і мы гэтак жа заклапочана адказваем на выклікі сучаснай эпохі, калі інфармацыя і веды ператвараюцца ў неад’емны «прадукт спажывання» кожнага чалавека, — пра гэта на форуме гаварылі прадстаўнікі айчыннай дэлегацыі. Беларусь імкнецца захаваць за сабой статус краіны, якая чытае. Ёсць вартыя айчынныя напрацоўкі, якія дапамагаюць любіць і шанаваць кнігу і роднае слова.

Супрэзідэнт Еўрапейскай і Міжнароднай федэрацыі кнігараспаўсюджвальнікаў з Нідэрландаў Фабіян Паагман перакананы, што трэба весці тры лініі барацьбы за чытанне: падтрымліваць бібліятэкараў, кнігараспаўсюджвальнікаў за кошт увядзення фіксаванай цаны і, безумоўна, спрыяць пісьменнікам.

Па выніках работы асамблеі прынята рэзалюцыя, у якой улічаны многія прапановы прадстаўнікоў Садружнасці. Сярод іх — стварэнне каардынацыйнага цэнтра кнігавыдання і кнігараспаўсюджання краін СНД, Грузіі і Балтыі, які будзе падтрымліваць развіццё нацыянальных літаратур і кнігаабмен паміж краінамі. Паводле агульнага меркавання ўдзельнікаў, правядзенне асамблеі аказалася надзвычай карысным. Арганізатары паабяцалі прадоўжыць гэты досвед.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Апублікавана:
Праглядаў:
43
Падзяліцца ў сац.сетках