Духоўны камертон Уладзіміра Ліпскага

Духоўны камертон Уладзіміра Ліпскага

Пісьменнік шырокага і разнастайнага тэматычнага і стылістычна-жанравага дыяпазону, цікавы і адметны аўтар, Уладзімір Ліпскі яскрава зарэкамендаваў сябе ў дзіцячай літаратуры, у жанрах публіцыстыкі, нарыса, мастацкай прозы. За больш чым паўстагоддзя плённай літаратурнай дзейнасці ён выдаў каля сямі дзясяткаў кніг аповесцей, апавяданняў, казак, нарысаў, публіцыстычных артыкулаў, нататак. За шматгадовае служэнне літаратуры ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі. У творчай скарбонцы — прэмія імя Янкі Маўра за кнігу «Падкідыш», прэмія імя Васіля Віткі за аповесць «Загадкавы чалавечак», прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў…

Уладзімір Ліпскі — нязменны старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, ініцыятар і пастаянны старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Пачаўшы свой шлях у вялікую літаратуру ў далёкім 1953 годзе з невялікіх замалёвак на старонках былой Васілевіцкай раёнкі, Уладзімір Сцяпанавіч і па сённяшні дзень актыўна і пасіянарна рупіцца на ніве роднага слова. Працуючы ў Нясвіжскай раённай газеце, Уладзімір Ліпскі завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў, цяпер — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». Аўтар адметных кніг — «Райкомаўскія будні», «Дзень за днём», «Знайдзі сябе», «Якое яно, шчасце?», «Прыдзвінскі цуд», «Высокія зоркі», «Крутыя вёрсты» і іншых. Кожная з іх вартая сур'ёзнай гаворкі і ўдумлівага аналітычнага прачытання.

Пісьменнік першым у беларускай літаратуры змог надзвычай яскрава, карпатліва і вытанчана распавесці пра свой радавод у кніжцы «Усе мы — радня». Цікаўнасць творцы да асабістага радаводу з’яўляецца для яго глыбінным духоўным рэактарам мастацкай творчай рэалізацыі.

Жаданне аўтара праз гісторыю свайго роду, як праз магічны крышталь, убачыць гісторыю і лёс землякоў, гісторыю Айчыны і свету ўтрымлівае празаіка ў актыўным і паўнакроўным тонусе мастацкага светасузірання і  светаразумення. Змест яго твораў няпроста пераказаць у двух словах. Тут тысячы падзей, прозвішчаў, гістарычных дат. Кожная кніга пісьменніка  — гэта споведзь сэрца. Сваімі творамі ён штодня пацвярджае ганаровае званне чалавека-патрыёта, які ўласную біяграфію і лёс сям’і лучыць з лёсам Айчыны.

У кожнага чалавека, тым больш у мастака слова, заўсёды ёсць неспатольнае жаданне спазнаць мінулае свайго роду і нацыі, імкненне дакрануцца да глыбінных каранёў народнай памяці і гісторыі, якія для нас з’яўляюцца не толькі ўспамінам, але найперш крыніцай жыцця, яе жыватворнай плынню. Гісторыя — гэта аснова, аднойчы закладзеная для нас, пупавінную сувязь з якой мы павінны захоўваць, калі не жадаем бясследна знікнуць у свеце, а  прыўнесці варты набытак не толькі ў гісторыю свайго роду, але і ўсяго чалавецтва.

Да такога роздуму нас скіроўваюць займальныя і кранальныя ў сваёй інтымнай і шчымлівай спавядальнасці кнігі пісьменніка «Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод», «Мама. Малітва сына», «Бацька. Пісьмы сына».

У залежнасці ад таго, як мы ўсведамляем сваю гісторыю, акрэсліваюцца межы нашых магчымасцей, раскрываецца аб’ёмны змест рэчаў. Праз веды пра мінулае мы толькі і  можам пасапраўднаму ўсведамляць вялікасць духу і высакароднасць прызначэння. Мы чэрпаем сілы ў  тым, што было, што вызначала наша станаўленне, што з’яўляецца для нас узорам, прыкладам для пераймання. Зусім не важна, калі жыў вялікі чалавек. Аб гэтым гавораць і даводзяць нам думку галоўныя героі твораў Уладзіміра Ліпскага.

Па вялікім рахунку, усе мы ў пэўным экзістэнцыяльным сэнсе існавання як бы размешчаны на адной пазачасавай плоскасці. Нашы сённяшнія дзеянні і справы становяцца часткай жыццёвага колазвароту падзей. Факты з мінуўшчыны ўспрымаюцца як штосьці нават не гістарычнае, а непасрэдна прысутнае ў нашым сучасным жыцці. Кожная эпоха валодае асаблівай адзнакай вялікасці і значнасці, таму мастацкая рэканструкцыя гісторыі не павінна быць абмежаванай. Да свайго 80-годдзя пісьменнік выдаў новую мастацкую кнігу — гістарычны раман «Цар». Гэты твор можна лічыць квінтэсэнцыяй творчай самарэалізацыі празаіка. На новай, больш высокай, жанрава-стылістычнай і эстэтычнамастацкай ступені самавыяўлення твор дазволіў пісьменніку паўнавартасна рэалізаваць творчы патэнцыял. Раман вельмі гарманічна ўтрымлівае ў кампазіцыйна-фабульнай аснове дзве паралельныя часавыя лініі — сучаснасць і мінулае нашай Айчыны.

У дасціпна-народнай стылёвай манеры раскрываецца вобраз сялянскага дзівака з вёскі Манькавічы Зміцера Кажухоўскага, якога вяскоўцы па даўняй родавай мянушцы клічуць Царом. Мінулае найбольшую прэзентатыўнасць атрымала праз вобраз гістарычнай асобы Марыны Мнішак, дачкі сандармірскага ваяводы. Аўтар выкарыстоўвае дзённікавыя запісы Марыны, нявесты рускага цара Дзмітрыя Іванавіча, празванага ў гісторыі Лжэдзмітрыем І, калі яна ў  1605 годзе рухалася з абозам праз землі Вялікага Княства Літоўскага ў  Маскву, каб стаць рускай царыцай.

Калі сутнасна і абагулена абазначыць асноўную ідэю твора, то хацелася б звярнуцца да вельмі трапнага выказвання знакамітага сярэднявечнага швейцарскага лекара і філосафа Парацэльса, які зазначыў: «Хто нічога не ведае — той нічога не любіць. Хто нічога не ўмее — той нічога не разумее. Хто нічога не разумее — той нічога не каштуе. Той жа, хто разумее, той і любіць, і назірае, і бачыць. Чым больш ведаў і пазнання, тым больш любові. Той, хто думае, што ўсе плады саспяваюць у адзін час з суніцамі, той нічога не ведае пра вінаград».

Менавіта любоў да блізкага чалавека, да роднай зямлі ёсць тая неспатольная энергія, якая толькі і можа рухаць сапраўднымі чалавечымі пачуццямі і дзеяннямі, менавіта яна прымушае чалавека быць неспакойным, цікаўным, чуйным да праяў жыцця, а найперш — шукаць у сабе, у сваіх блізкіх, у гісторыі сваёй зямлі тое пазачасавае духоўнае адзінства, што мы і называем чалавечай рэальнасцю. Сапраўдная любоў — гэта найперш майстэрства душы, якое патрабуе велізарнай унутранай духоўнай працы, фізічных высілкаў і, безумоўна, ведаў.

Прага да ведаў і стала галоўным зачынам рамана. «Цар Зміцер уз’юрыў усе Манькавічы… Пусціў па вёсцы чутку, што будучыня ў руках тых, хто ведае мінулае. От і ўзяўся здзьмуць попел з адгарэўшых вякоў. Захацеў усцешыць хоць бы сябе самога, што ён не проста навалач, прымак, самазванец у сваёй Манькі, а радаводны Цар. Ну, можа, і не зусім блакітнай крыві, але хацеў ведаць: мо продкі смаркаліся каля царскага замка ці анучы сушылі пад адным сонцам?»

У прыніжанай самахарактарыстыцы галоўны герой твора лічыць сябе самазванцам. Гэтае паняцце становіцца адным з цэнтральных у ідэйнай калізіі твора. Аўтар радыкальна і катэгарычна ставіць пытанне: каго трэба лічыць сапраўдным самазванцам у жыцці і  гісторыі, па якіх крытэрыях гэта трэба вызначаць? Па вялікім рахунку, чалавек ад нараджэння і па сваёй сутнасці — самазванец, таму што ўвесь час шукае магчымасці самарэалізацыі, мае апраўдаць сваё жыццё, выявіць сваё прызначэнне. Іншая справа, што разам з першапачатковым іманентнапрыродным правам на такі выбар чалавек адначасна атрымлівае і цяжкую ношу — пастаянны кантроль, ацэнку свайго жыццёвага шляху з боку іншых, ды і ўласнага ўнутранага нагляду таксама.

Такім унутраным «быццём пад поглядам» становяцца для Зміцера-Цара сны, у якіх да яго навязліва чапляецца сам Іван Грозны. З іншага боку, не меншым выпрабаваннем для героя становіцца і яшчэ адзін варыянт жыцця «пад поглядам» — цікаўныя суседзі і вяскоўцы, якія даймаюць яго закавырыстымі пытаннямі, як, напрыклад, сусед Сцяпан: «Слухай, Цар, а чаму ты толькі цяпер зашавяліўся пра сваю спадчыну?»

Адметна, што ў такім спосабе існавання, дзе заўсёды прысутнічае залежнасць чалавека ад меркаванняў іншых, найбольш зацікаўлена сама асоба. Пазбаўленне яе магчымасці быць выслуханай і справядліва ацэненай з’яўляецца, па сутнасці, сапраўдным пеклам, дзе любому ўчынку індывіда не надаецца форма ачалавечанасці, апраўданасці ці неапраўданасці ў жыцці. Чалавек без выпрацаванай здольнасці знаходзіць у сабе духоўны камертон «голасу пакліканасці» кімсьці ў гэтым свеце — верай, ідэяй, калектывам, каханай, Богам — не здольны на паўнакроўнае жыццетварэнне.

Упэўнена можна сцвярджаць, што інтэгральнай вядучай патрэбнасцю чалавека з’яўляецца жаданне быць апраўданым — як у асобных учынках, так і ў жыцці наогул. Быць апраўданым  — гэта значыць не быць пазбаўленым асновы жыцця, быць угрунтаваным і прыналежным да пэўнай субстанцыі, з якой табе хацелася б стаць адзіным, непадзельна злітым, але адначасова і адзначаным у ёй, не забытым, спрычыніцца да духоўнай повязі, якая лучыць цябе з усім светам, дае магчымасць звярнуцца да любой чалавечай асобы з мінулага. Такімі асобамі і становяцца гістарычныя постаці: рускія цары Іван ІV Грозны, Барыс Гадуноў, Васілій Шуйскі, Дзмітрый Іванавіч (Ілжэдзмітрый І), Марына Мнішак, яе бацька — ваявода сандамірскі Юрый Мнішак, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, князі Радзівілы, Вішнявецкія, ваявода Пётр Басманаў і  многія іншыя гістарычныя і эпізадычныя героі рамана.

Вядома, да эпохі ўсталявання на троне Лжэдзмітрыя І звярталіся многія гісторыкі і майстры слова — як замежныя так і нашы, — даючы ацэнку ўчынкам і дзеянням тых ці іншых гістарычных асоб. Думаецца, што арыгінальным, займальным і дасціпным, а  таксама шмат у чым пераканаўчым, асабліва ў мастацка-духоўным плане, сюжэтам пісьменнік Уладзімір Ліпскі змог стварыць і ажывіць пэўную выразную, беларусацэнтрычную версію тых шмат у чым драматычных і цьмяных падзей гістарычнага мінулага, пры гэтым трапна адзначыўшы дамінантную лінію ўзвышэння духоўнай сутнасці чалавека.

Чалавек гістарычны найперш таму, што ён істота духоўная. І каштоўны чалавек у большасці тым, наколькі ён прыўносіць у жыццё элементы свабоды, любові, справядлівасці і пашырэння ведаў.

Гістарычны раман Уладзіміра Ліпскага «Цар» трэба лічыць сапраўднай мастацкай удачай аўтара, які змог арыгінальна і тактоўна, на высокім мастацка-эстэтычным узроўні данесці да чытача ідэю, што сапраўдная гісторыя творыцца найперш асобамі незалежна ад іх месца ў сацыяльнай іерархіі жыцця.

Ігар ШАЛАДОНАЎ

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.

Апублікавана:
Праглядаў:
360