Фотаконкурс "У аб'ектыве - малая радзіма" праходзіць у Полацку
У Год малой радзімы аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама абвясціў аб пачатку адкрытага фотаконкурсу "У аб'ектыве - малая радзіма".
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца непрафесійныя фатографы ва ўзросце да 31 года. Фотааматары могуць паспрабаваць свае творчыя сілы ў трох намінацыях:
"Мая малая радзіма - гэта..." (работы, якія дэманструюць незвычайны падыход аўтара да сюжэта і кампазіцыі фатаграфіі, зробленыя ў населеным пункце, якія з'яўляюцца малой радзімай аўтара або сюжэтна звязаныя з гэтым месцам);
"Прырода маёй малой радзімы" (віды населенага пункта, які з'яўляецца малой радзімай аўтара, у розны час года);
"Партрэт жыхара маёй малой радзімы" (фотапартрэт, які акрамя вонкавага, індывідуальнага аблічча, павінен адлюстроўваць характар чалавека, яго духоўны свет, эпоху, у якую ён жыве).
У кожнай намінацыі ад ўдзельніка прымаецца не больш трох работ. Працы ў электронным выглядзе з заяўкамі пра ўдзел прымаюцца па 9 жніўня. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў (па адным у кожнай намінацыі) адбудзецца 11 жніўня.
Фотаконкурс закліканы садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню і развіццю творчай дзейнасці моладзі. Праводзіцца ў рамках раённага імідж-шоў "Фариновская марка".