Газеце «Ляхавіцкі веснік» – 80!
Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў павіншаваў калектыў установы «Рэдакцыя раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» з 80-годдзем з дня выхаду першага нумара выдання.
«Паважаныя калегі!
Віншую калектыў рэдакцыі, а таксама шаноўных ветэранаў журналістыкі з 80-годдзем з дня выхаду першага нумара вашай газеты.
Ваша выданне, якое ўбачыла свет яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мае слаўную гісторыю, у тым ліку і баявую. Радасна, што сёння мясцовая раёнка асвятляе толькі мірнае жыццё роднага краю. Яна – крыніца актуальных навін і каментарыяў, рэпартажаў пра самыя важныя падзеі Ляхавіцкага раёна, Брэстчыны, Беларусі. Займае актыўную пазіцыю ў пытаннях асвятлення жыцця грамадства, захоўваючы беражлівае стаўленне да слова, уменне разглядзець у штодзённай інфармацыі імклівы рух жыцця.
Хочацца адзначыць сацыяльную накіраванасць вашых матэрыялаў. Праблемы эканомікі, пытанні павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя, патрыятычнага выхавання, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да роднага краю, з павагай да землякоў.
Асабліва прыемна адзначыць, што газета актыўна ўдзельнічае ва ўсіх абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах, неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі і ганаровымі граматамі. Так,
у 2023 годзе раённая газета «Ляхавіцкі веснік» за праект «Школьны дзённік» была ўзнагароджана Гран-пры XIX Нацыянальнага конкурсу «Залатая Ліцера».
Дзякуй вам за нястомную працу, за праўдзівае і своечасовае асвятленне жыцця рэгіёна, суайчыннікаў. Упэўнены, што і надалей вы будзеце ісці ў нагу з часам, застаючыся патрыётамі сваёй малой радзімы, нашай Айчыны.
Жадаю вам новых выдатных дасягненняў, нязменнай адданасці чытачоў.
Уладзімір Пярцоў»