Газеце ”Слава працы” – 90!

Газеце ”Слава працы” – 90!

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты ”Слава працы”, а таксама шаноўных ветэранаў з 90-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты – адной са старэйшых у сталічнай вобласці.

“Ваша выданне, якое ўбачыла свет за дзесяцігоддзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны пад назвай “Калгаснiк Капыльшчыны”, мае слаўную гісторыю, у тым ліку і баявую. Падчас барацьбы з фашысцкімі акупантамі журналісты раёнкі змянілі сцены рэдакцыі на акопы і партызанскія зямлянкі”, – гаворыцца ў віншаванні.

У пасляваенныя гады газета адыграла вялікую ролю ў мабілізацыі землякоў роднага краю на аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі. Сумесна з імі яна прайшла адметны працоўны шлях, актыўна асвятляючы адраджэнне Капыльшчыны. Таму вельмі сімвалічнай была ў 1963 годзе змена яе назвы на “Слава працы”.

Міністр адзначыў, што “сённяшні калектыў рэдакцыі з годнасцю працягвае справу сваіх папярэднікаў. На старонках газеты абмяркоўваюцца найбольш актуальныя тэмы, што хваляююць жыхароў малой радзімы і нашай Айчыны – Беларусі. Праблемы эканомікі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да суайчыннікаў”.

“У выніку штодзённай карпатлівай працы ўдалося стварыць паважанае і аўтарытэтнае выданне, якое прасоўвае ідэі дабра і патрыятызму. Супрацоўнікам “Славы працы” ўласцівы адказнасць, прынцыповасць, шчырая грамадзянская пазіцыя, вернасць прафесійнаму абавязку, што дае магчымасць выданню займаць значнае месца ў інфармацыйнай прасторы Міншчыны”, – падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.

З нагоды выдатнага юбілею Міністр пажадаў калектыву рэдакцыі творчых поспехаў і прафесійнага росту, удачы ва ўсіх добрых пачынаннях, натхнёнага пошуку актуальных тэм і адметных герояў, а кожнаму асабіста – здароўя і дабрабыту.

Апублікавана:
Праглядаў:
635