Газеце ”Весці БНТУ” – 85!

Газеце ”Весці БНТУ” – 85!

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты ”Весці БНТУ”, а таксама шматлікіх пазаштатных аўтараў выдання з 85-годдзем з дня выхаду яго першага нумара.

“Гэта даволі знамянальная дата для таго, каб ацаніць значны адметны шлях газеты і яе ўклад у станаўленне Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта – вядучай інжынерна-тэхнічнай ВНУ краіны, якая на працягу амаль стагоддзя задавала і захоўвае высокія стандарты адукацыі, пастаянна знаходзячыся ў кагорце нацыянальных лідараў па якасці падрыхтоўкі навучэнцаў”, – адзначаецца ў віншаванні.

Выданне, што ўбачыла свет за дзесяцігоддзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны пад назвай “За пралетарскага інжынера”, а потым – “Советский инженер”, мае слаўную гісторыю. Узнёслым словам яно заўсёды шчыра дапамагала рыхтаваць высакакласных спецыялістаў, тысячамі з якіх ганарыцца Радзіма.

Міністр падкрэсліў, што “сёння шматтыражная газета “Весці БНТУ” з’яўляецца люстэркам грамадскага і навуковага жыцця ўніверсітэта, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу. У яе аўтарскім актыве – выдатныя вучоныя, заслужаныя прафесары, таленавітыя аспіранты, выдатнікі вучобы”.

“На старонках сённяшніх “Вестак БНТУ” знаходзяць адлюстраванне самыя разнастайныя падзеі не толькі з жыцця сваёй альма-матар, але і іншых ВНУ краіны, свету, а героі журналісцкіх матэрыялаў – людзі, якія ўносяць дастойны ўклад у развіццё навукі, тэхнічнага прагрэсу, ва ўмацаванне эканомікі роднай Айчыны – маладой сувярэннай Беларусі”, – гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што “газета актыўна ўдзельнічае ў галіновых і рэспубліканскіх творчых конкурсах, неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі, ганаровымі граматамі. Тройчы станавілася лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ”Залатая Літара“, была пераможцам аднаго з першых – у намінацыі ”Лепшая шматтыражная газета”.

Міністр пажадаў калектыву газеты і яе аўтарам новых выдатных дасягненняў, творчых поспехаў, удачы ва ўсіх пачынаннях, добрага здароўя і дабрабыту.

Апублікавана:
Праглядаў:
665