Група ўдзельнікаў «Дарогі да святыняў» пабывала ў Навагрудскім раёне

Група ўдзельнікаў «Дарогі да святыняў» пабывала ў Навагрудскім раёне

Крыху больш за тыдзень застаецца да штогадовага нацыянальнага свята — 26-га Дня беларускага пісьменства. Яго эстафету сёлета прыме старажытны Слонім, дзе да згаданай падзеі завяршаюцца апошнія падрыхтаванні. Ужо гэтымі днямі шмат якія гарады і вёскі наведваюць групы ўдзельнікаў штогадовай экспедыцыі «Дарога да святыняў» — састаўной часткі будучых урачыстасцяў. Падчас такіх паездак яны не толькі вырашаюць тэхнічныя пытанні руху экспедыцыйнага транспарту, удакладняюць на месцах арганізацыйныя планы, але і праводзяць сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў, куды перад святам прыбудуць паломнікі.

Адна з такіх сустрэч днямі адбылася ў Палацы культуры гарадскога пасёлка Любча Навагрудскага раёна.

Любча-Звязда-1.jpg

Кіраўнік экспедыцыі навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі паведаміў, што сёлетні навукова-асветніцкі маршрут працягнецца амаль на 1000 кіламетраў. У розных гарадах і вёсках Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей адбудуцца творчыя сустрэчы і асветніцкія канферэнцыі. Усюды будуць пасаджаны дрэўцы агульнага саду малітвы. Удзельнікі экспедыцыі пабываюць у працоўных калектывах, дзіцячых дамах, інтэрнатах, бальніцах, завітаюць на ўрокі беларускага пісьменства.

Усе, хто прыйдзе на сустрэчу з удзельнікамі экспедыцыі, убачаць яе галоўныя святыні — Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга і цудадзейны Загор'е-Сталавіцкі абраз, пачуюць словы вядомых святароў. Благадатным агнём будуць асвячоны помнікі славы і мужнасці нашага народа, над пахаваннямі воінаў і партызан прагучаць памінальныя набажэнствы. Пра гэта і многія прыклады нашых спадчынных духоўных каштоўнасцяў расказаў удзельнік экспедыцыі настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца з вёскі Вялікая Ухалода протаіерэй Аляксандр Пачопка.

Любча-Звязда-2.jpg

Пабывала група ўдзельнікаў 26-й міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» і ў Любчанскім замку, які ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. На яго пляцоўках працуюць валанцёры — ідзе рэканструкцыя, перад пачаткам якой тут высіліся напаўразбураныя вежы XVІ стагоддзя ды некалькі мураваных будынкаў больш позняга часу. Заказчык рэстаўрацыі – дабрачынны фонд «Любчанскі замак». З ходам аднаўлення гісторыка-культурнай каштоўнасці ўдзельнікаў экспедыцыі пазнаёмілі заснавальнік фонду Іван Пячынскі і яго памочнік Мікалай Пранько.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты "Звязда".

Апублікавана:
Праглядаў:
996
Краіны:
Рэгіёны Беларусі: