Беларускія ўдзельнікі запрошаныя на кніжную выстаўку на беразе Каспія

27—29 верасня 2019 года ў Баку адбудзецца VI Бакінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Арганізатар — Міністэрства культуры Азербайджанскай Рэспублікі. Да ўдзелу ў выстаўцы запрошана і Рэспубліка Беларусь.

Анансаванне гэтага кніжнага праекта, магчыма, і досыць папярэдняе. Але з разлікам на тое, што да выстаўкі-кірмашу ёсць час падрыхтавацца і кнігавыдаўцам, і непасрэдна аўтарам. Відавочна, ужо сёння варта складаць планы і праектаваць будучыя мерапрыемствы.

У Беларусі апошнім часам выйшла некалькі кніг, якія так ці іначай звязаны з Азербайджанскай Рэспублікай, азербайджанскай нацыянальнай літаратурай. У прыватнасці, дзіцячая кніга Севіндж Нурукызы, кнігі вершаў Лэйлы Аліевай, Чынгіза Алі аглу, анталогія сучаснай азербайджанскай паэзіі. Усе гэтыя выданні пабачылі свет на беларускай мове. У літаратурна-мастацкай перыёдыцы Беларусі было змешчана шмат публікацый паэтычных, празаічных твораў азербайджанскіх пісьменнікаў, шэраг літаратурна-крытычных выступленняў азербайджанскай літаратуразнаўцы Ірады Мусаевай. Азербайджанскі паэт і перакладчык Чынгіз Алі аглу ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Несумненна, стасункі Беларусі і Азербайджана ў галіне літаратуры, культуры патрабуюць развіцця. І кніжная выстаўка ў верасні 2019 года — найлепшая магчымасць надаць гэтаму развіццю новыя хуткасці.

Апублікавана:
Праглядаў:
39
Падзяліцца ў сац.сетках