Кніжную выстаўку прысвецяць Году малой радзімы і ІІ Еўрапейскім гульням

Кніжную выстаўку прысвецяць Году малой радзімы і ІІ Еўрапейскім гульням

XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая збярэ гасцей і ўдзельнікаў з 6 да 10 лютага 2019 года, пройдзе пад дэвізам «Больш чым кнігі». 3000 квадратных метраў выставачнай плошчы, звыш 300 экспанентаў, 35 краін-удзельніц, больш чым 30 старонак праграмы мерапрыемстваў і каля 60 тысяч чаканых наведвальнікаў — тыя лічбы, якія ўжо сёння характарызуюць будучы форум.

«Каб прывабіць і зацікавіць не толькі прафесіяналаў кніжнага рынку, але таксама шырокае кола наведвальнікаў — патэнцыйных чытачоў, мы пастараліся ўзяць усё найлепшае, напрацаванае за папярэднія 25 гадоў», — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ. Так,на цэнтральным стэндзе Міністэрства інфармацыі ўжо традыцыйна будзе прадстаўлены праект «У пошуках страчанага», упершыню рэалізаваны Уладзімірам Ліхадзедавым 15 гадоў таму: адноўлены па старажытных чарцяжах друкарскі станок XVІ стагоддзя, калекцыя рэдкіх кніг, газет і часопісаў; арыгінал кнігі Францыска Скарыны «Малая падарожная кніжыца» 1522 года выдання, электронную версію якога можна будзе пагартаць і нават паспрабаваць прачытаць.

Акрамя правераных часам схем, пры падрыхтоўцы да выстаўкі задзейнічаны і новыя фарматы. Так, у першы дзень работы выстаўкі возьме старт арт-праект «Мірны танк», прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі — 75 мірным гадам жыцця: інсталяцыя будзе збірацца з... кніг, якія кожны ахвотны можа прынесці з сабой ці набыць на кірмашы. Пасля закрыцця форуму сабраныя кнігі, дарэчы, плануецца перадаць у дзіцячыя і медыцынскія ўстановы.

Асноўным мерапрыемствам другога дня выстаўкі стане V Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», удзел у якім возьмуць больш як 50 аўтараў з 25 краін; таксама будзе шырока прэзентавана выданне «У рытме імклівых гадоў...», прысвечанае 100-годдзю маладзёжнага руху ў Беларусі. Сярод знакавых падзей трэцяга дня выстаўкі — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 58-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» і падвядзенне вынікаў конкурсу «Мы робім па-людску?!», у якім беларусы праз СМС-галасаванне выбіраюць найлепшую айчынную кнігарню. Чацвёрты дзень арганізатары плануюць прысвяціць дзіцячай літаратуры — і не толькі адкрыць вялізную інтэрактыўную зону для маленькіх гасцей форуму, але і правесці мноства захапляльных літаратурных квэстаў, майстар-класаў, тэатралізаваных пастановак, а таксама падвесці вынікі акцыі «Пішам кнігу разам. Якой мы хочам бачыць Беларусь праз 10 гадоў», зладжанай сумесна Міністэрствам інфармацыі і Міністэрствам адукацыі Беларусі. Нарэшце, у заключны дзень выстаўкі будуць адзначаныя дыпломамі найлепшыя экспазіцыі.

пресс-конференция в доме прессы

Зрэшты, адметнасць сёлетняй выстаўкі не толькі ў кніжных мерапрыемствах, але і ў цэлым шэрагу падзей вакол кніг, якія ахопліваюць значна большую колькасць удзельнікаў. Пра што гаворка? Напрыклад, пра тое, што ў дні правядзення форуму ў беларускіх кінатэатрах, на тэлеканалах, у тэатрах будуць дэманстравацца фільмы і спектаклі, пастаўленыя паводле вядомых кніг. Ва Усіхсвяцкім храме-помніку пройдзе тэматычная выстаўка і будзе зладжана дыскусійная пляцоўка аб ролі кнігі ў фарміраванні культуралагічнай, духоўнай і маральнай складовай развіцця грамадства. Пры падтрымцы Мінгарвыканкама ўпершыню па маршруце ад станцыі метро «Няміга» да выставачнага комплексу плануецца запусціць адмысловы «паэтычны аўтобус», у якім будуць дэкламавацца вершы — магчыма, у выкананні лаўрэатаў конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». Яшчэ адна навінка выстаўкі — тэматычны гастратыдзень, на якім наведвальнікі змогуць ацаніць не толькі літаратурныя творы, але і стравы, прыгатаваныя паводле кніжных апісанняў (крыніцай натхнення для арганізатараў стала, у прыватнасці, «Новая зямля» Якуба Коласа, багатая на «смачныя» апісанні).


(крыніца - "Звязда")

Апублікавана:
Праглядаў:
1 422
Галіны дзейнасці:
Падзея: