Кнiжны навiгатар

Кнiжны навiгатар

У лiтаратурным праекце «Прачулым радком» канал «Культура» Беларускага радыё кожны тыдзень прапануе слухачам падборкi паэтычных твораў класiкаў айчыннай лiтаратуры, выдатных творцаў XX i XXI стагоддзяў. Аўдыёўвасабленне на «Культуры» на гэтым тыднi таксама знайшоў радыёсерыял «Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», першая серыя якога прагучала ў аўторак.

Паэзiя кахання

З пачатку новага вяшчальнага сезона на хвалях «Культуры» ўжо дэкламавалiся вершы Янкi Купалы, Максiма Багдановiча, Максiма Танка i Уладзiмiра Дубоўкi. У блiжэйшы час слухачы змогуць пачуць паэтычныя радкi Петруся Броўкi, Сяргея Грахоўскага, Аркадзя Куляшова, Тодара Кляшторнага, Язэпа Пушчы i iншых творцаў. Вядомы пiсьменнiк i публiцыст, аўтар праекта, намеснiк дырэктара канала «Культура» Навум Гальпяровiч адзначае:

— Гэта своеасаблiвая анталогiя беларускай паэзii, пачынаючы ад радкоў заснавальнiкаў навейшай лiтаратуры да паэтычных падборак сучасных творцаў. Многiя вершы вядомыя па шматлiкiх публiкацыях у кнiгах i падручнi-ках, але разам з iмi прагучаць i творы, менш знаёмыя чытачам. Усе яны пазначаны высокiм майстэрствам, тонкiм адчуваннем прыгажосцi i кранальным лiрызмам.

Нагадаем, што праграма «Прачулым радком» выходзiць кожныя суботу i нядзелю. Паслухаць выпускi таксама можна на сайце ў архiве перадачы.

Зноў жа па нядзелях у слухачоў ёсць магчымасць далучыцца да праграмы «Сюжэт для вечнасцi» — так называецца яшчэ адзiн аўтарскi праект Навума Гальпяровiча. Праграма прызначана не толькi для аматараў мастацкай лiтаратуры, але i для шырокага кола слухачоў, распавядае Навум Якаўлевiч:

— У 2013 годзе ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла мая кнiга пад назвай «Сюжэт для вечнасцi». Але радыёпраект зусiм не пра кнiгу, а пра навакольны свет увогуле: чым я жыў i жыву, пра што мару. Распавядаю пра сваё пакаленне, на якое прыйшлiся i пасляваеннае дзяцiнства, i савецкi час, i перабудова, i сённяшняе жыццё ў незалежнай Беларусi... Гэта вершы i проза, напiсаныя ў розныя часы, але аб’яднаныя адзiнай назвай — «Сюжэт для вечнасцi».

Збiральнiк легенд

Адзiн з самых загадкавыхi займальных твораў айчыннай лiтаратуры таксама знайшоў аўдыёўвасабленне ў эфiры «Культуры». Прыхiльнiкам чытання перад мiкрафонам —спецыялiзаваная радыёхваля, якая папулярызуе лепшыя мастацкiя ўзоры краiны i свету, прапануе кнiгу Яна Баршчэўскага «Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Новы радыёсерыял уключае 20 частак, напоўненых народнымi казкамi, паданнямi i легендамi. Незвычайную мiстычную атмасферу ў радыётворы стваралi рэжысёр Рэната Патака i гукарэжысёр Дар’я Сiдарэнка. Выканаўцам стаў акцёр Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы, заслужаны артыст Беларусi Уладзiмiр Рагаўцоў. Дырэктар канала «Культура» Уладзiмiр Трапянок звяртае ўвагу:

— Увасабленне класiкi Яна Баршчэўскага на нашым канале — гэта сапраўды творчая ўдача, паколькi iдэя стварэння аўдыяверсii выдатнага твора аднаго з пачынальнiкаў айчыннай лiтаратуры выношвалася досыць даўно. У фондах Беларускага радыё, дарэчы, з 2014 года захоўваецца радыёверсiя монаспектакля Купалаўскага тэатра «Шляхцiц Завальня», у якой зафiксавана рэжысёрскае бачанне лiтаратурнай першакрынiцы Уладзiмiра Савiцкага i акцёрскае выкананне народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннiкава. Наш новы запiс — гэта выключна радыётвор, якi ажыў дзякуючы ўвасабленню i эмоцыям Уладзiмiра Рагаўцова i цiкаваму музычнаму афармленню.

Пiсьменнiк, рамантык i асветнiк, пачынальнiк новай беларускай лiтаратуры Ян Баршчэўскi напоўнiў сваю галоўную кнiгу роздумам пра чалавека i цывiлiзацыю, будучыню. Лiтаратурныя крытыкi называлi Баршчэўскага бардам беларускага краю дзякуючы багатай уласнай фантазii аўтара, чые персанажы ўзяты з нацыянальнай мiфалогii. Шляхцiц Завальня, герой радыёспектакля, у снежныя калядныя днi прымае ў сваiм доме на беразе возера Нешчарда вандроўнiкаў, якiя заблукалi ў завiруху. Маяком для iх служыць свечка, што Завальня ставiць у сябе на падаконнiку. У падзяку за гасцiннасць начлежнiкi па просьбе гаспадара расказваюць самыя неверагодныя гiсторыi, якiя калiсьцi здаралiся на гэтай зямлi. Рэальнае i фантастычнае аб’ядноўваецца ў гiстарычным сюжэце, у якiм шмат загадак, цудаў i казачных пераўвасабленняў...

У эфiры радыёсерыял «Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» будзе iсцi на працягу месяца ў праграме «Лiтаратурная анталогiя», якая выходзiць на канале «Культура» па буднях у 14:15 i 23:00.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».

Апублікавана:
Праглядаў:
634