У Мірскім замку пройдуць «Кніжныя сустрэчы»

Пісьменніца, журналіст Людміла Рублеўская прэзентуе свае кнігі, якія выйшлі цягам апошняга года. Адбудзецца знакавая сустрэча.
"Я зноў прыеду ў Мірскі замак, дзе літаральна месяц таму прысутнічала на здымачнай пляцоўцы экранізацыі майго рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча», - распавяла чытачам газеты "Звязда" Людміла Рублеўская. - Атрымаецца такое падарожжа ў часе. Тым больш што прэзентаваць я буду адразу дзве кнігі з гэтай серыі. Апошнюю, шостую частку, а таксама першую — бо людзі пастаянна пыталіся, шукалі яе, — таму кніга перавыдадзеная яшчэ раз (менавіта па ёй адбываецца экранізацыя). Я прысутнічала на начных здымках праекта. І трэба сказаць, што Мірскі замак выступіў у ролі Слуцкага замка. Адбывалася рэканструкцыя тэатра Гераніма Радзівіла — жорсткага магната. Гэта было абсалютна чароўнае відовішча! Толькі ўявіце: дзеці з мінскага харэаграфічнага вучылішча ў касцюмах эпохі барока, напудраных парыках на фоне габеленаў, цудоўнай мэблі, на старажытным паркеце... Гістарычныя экспанаты нібы ажылі. У Мірскім замку здымалі сцэны з танкам на паравым рухавіку па эскізах Леанарда да Вінчы, які фігуруе ў маім рамане. Я ніколі ў жыцці не думала, што ўбачу яго на свае вочы. Тым не менш гэтая цуд-машына ездзіла, страляла. Па сеціве разышлося шмат здымкаў здзіўленых турыстаў. Я спадзяюся, тое, што кіношнікі «Беларусфільма» зрабілі, стане яшчэ адной турыстычнай прывабнасцю для наведвальнікаў замка".