Лаўрэаты вызначаны

Лаўрэаты вызначаны

Падведзены вынікі аднаго з найбольш розгаласных і прэстыжных творчых спаборніцтваў — конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Быць у ліку лепшых літаратараў Беларусі — пачэсна і ганарова.

“Конкурс сведчыць пра актыўны літаратурны працэс, які ідзе ў краіне, падтрымлівае яркія імёны ў сучаснай айчыннай літаратуры, – зазначыла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі член журы конкурсу Алена Стэльмах. – З прадстаўленымі творамі пазнаёмілася шмат чытачоў, сваю ацэнку конкурсным работам далі экспертны савет, журналісты”.

Сёлета намінантамі на званне пераможцы сталі 75 аўтараў, якія, паводле Палажэння конкурсу, прадстаўлялі свае творы, выдадзеныя ў беларускіх выдавецтвах у 2018 годзе. Было прадугледжана творчае спаборніцтва ў сямі намінацыях.

Традыцыйна найбольшую актыўнасць праявілі аўтары ў намінацыях «Проза», «Паэзія» і «Літаратура для дзяцей і юнацтва». Журы адзначыла і ўзросшую цікавасць творцаў да такіх намінацый, як «публіцыстыка», «літаратуразнаўства і літаратурнай крытыка». Штогод расце і колькасць дэбютантаў. А вось у намінацыі «Драматургія» члены журы аднагалосна вырашылі сёлета прэмію не прысуджаць.

Як паведаміла Алена Стэльмах, ужо рыхтуецца сцэнарый уручэння пачэсных узнагарод. Лаўрэаты конкурсу будуць уганараваны падчас правядзення Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Урачыстасць адбудзецца 1 верасня а 12 гадзіне на галоўнай пляцоўцы свята, падчас яго адкрыцця.

«ЛіМ» прадстаўляе лаўрэатаў конкурсу і іх творы.

Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі – Мікола Маляўка «Сланечнік».

Лепшы твор прозы – Алег Пушкiн «Гений».

Лепшы твор публіцыстыкі – Віктар Хурсік «Vale!» (кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл).

Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства – Святлана Калядка «Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі».

Лепшы твор для дзяцей і юнацтва – Уладзімір Ягоўдзік «Крылатыя суседзі», «Зачараваная Свіслач», «Кветкі дзівасілу».

Лепшы дэбют – Станіслава Умец «Сэрца Сакры»

Матэрыял прадастаўлены рэдакцыяй газеты “ЛіМ”.


Апублікавана:
Праглядаў:
1 160
Краіны: