«Маладосць»: больш чым часопіс

«Маладосць»: больш чым часопіс

Рэдакцыя часопіса «Маладосць» распрацавала анкету, дзякуючы якой збіраецца папоўніць шэрагі сваіх аўтараў і чытачоў, будучых удзельнікаў і без таго шматлікіх праектаў, вялікіх і маленькіх, працяглых і «разовых», толькі «маладосцеўскіх» і сумесных, у партнёрстве з рознымі ўстановамі, сярод якіх некалькі ўніверсітэтаў, бібліятэк, музеяў, а таксама Нацыянальны адукацыйны партал і Белтэлерадыёкампанія.

Што такое «Маладосць» сёння, распавядаюць, зрэшты, прыведзеныя ніжэй цытаты, якія яскрава дэманструюць сэнс дзейнасці рэдакцыі не толькі як стваральніка штомесячных 128 мелаваных старонак пад каляровай вокладкай.

«Не адмялі, не пасмяяліся. Тэксты ўзялі, удумліва прачыталі, патлумачылі, дзе памылкі. Слоўнікі параілі, рэсурсы і даведнікі. Пахвалілі, падтрымалі, у друк адправілі. І вырасла дзяўчынка за тры гады ў паспяховую, запатрабаваную аўтарку. Вось што такое для мяне «Маладосць», — піша маладая пісьменніца з Гомеля Юльяна Пятрэнка, канстатуючы педагагічны складнік работы рэдакцыі.

«Першае эсэ для «Маладосці» я напісала недзе каля свайго 18-годдзя — часу сама- (-капання, -пошуку, -бічавання, -аналізу). Хацелася зразумець, хто я, але атрымлівалася так-сяк-накасяк, абы не па-людску. З кожным новым тэкстам, выплюхваючы страхі, спадзяванні, мары, уласцівыя юнацтву, я сталела ў «Маладосці», і, вельмі спадзяюся, хто-небудзь з аднагодкаў разам са мной. З часопісам я дзялілася сваім жыццём: вандроўкамі, сустрэчамі, жыццём у інтэрнаце, думкамі пра лёс», — распавядае студэнтка журфака БДУ Ганна Варонка, заўважаная «Маладосцю» яшчэ школьніцай-старшакласніцай.

«Толькі ўявіце: вашы творы чытаюць. Падпраўляюць. Друкуюць (ага, нават на паперы!). А ў паштовую скрыню ляцяць зваротныя «маладосцеўскія» лісты з прапановай наведаць імпрэзу, напісаць у рубрыку. Даслаць штосьці новенькае. Тры гады мінула, а я ўсё дзіўлюся. Дзіўлюся — але дасылаю. Паспрабуйце і вы», — заклікае Дар’я Значонак, рэдактар выдавецка–паліграфічнага цэнтра БДАТУ, дыпламант літаратурных конкурсаў «Аўтограф» і «Першацвет».

«З 2016 года я займеў уласную калонку. Бывае, перачытваю ранейшае і бачу, як вырас за гэты час. Як змяніўся сам, як змянілася наваколле. Вельмі рады, што маю магчымасць выказвацца на самыя розныя і важныя тэмы. Прычым, не толькі пісаць, але ж і гаварыць. Цяпер «Крэскі жыцця» для мяне — гэта значна болей, чым проста калонка», — сцвярджае калумніст часопіса Канстанцін Касяк.

«Першая публікацыя здарылася ў лютым,  напачатку другога семестра. Атрымаўшы нумар часопіса «Маладосць» з маім першым перакладам, прачытала яго некалькі разоў. Паказала бацькам, сябрам – і мы ўсе разам чыталі маё першае перакладзенае апавяданне, якое ўсім без выключэнняў спадабалася. Атрымалася, што першы сур’ёзны пераклад і першая публікацыя ў часопісе «Маладосць» выпалі на першый курс майго навучання ва ўніверсітэце», — распавядае Софія Дзянісава, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, з якім часопіс супрацоўнічае пяць гадоў у пастаянным, па-добраму напружаным рэжыме.

«Шмат часу пайшло на тое, каб прыдумаць, з чаго пачаць. Быў снежань і хацелася калядных цудаў. Тады вырашылі ўзяць «Калядную ялінку» Дыкенса. І цяпер кожная публікацыя нашых перакладаў у «Маладосці» – гэта наш маленькі калядны цуд, няхай і летам», — гаворыць кіраўнік гуртка «Пераклад мастацкай літаратуры на беларускую мову», створанага спецыяльна для супрацоўнацтва з часопісам «Маладосць», выкладчыца кафедры тэорыі і практыкі перакладу № 1 МДЛУ Вольга Марозава.

«Мы сапраўды рэанімавалі імёны нашых пісьменнікаў XIX стагоддзя і паспрабавалі данесці да сённяшняга чытача нашу тагачасную культуру», — канстатуе Таццяна Кохан, лаўрэатка І тура конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», які ладзіцца сумесна з філфакам БДУ

«Дзякуй за магчымасць выказаць любоў да беларускай культуры і літаратуры», — сказаў Цімур Буйко, лаўрэат І тура і ўдзельнік ІІ тура названага конкурсу.

А вось меркаванне ўдзельніка яшчэ аднаго «маладосцеўскага» конкурсу, на гэты раз сумеснага з Першым Нацыянальным каналам беларускага радыё: »Хочацца падзякаваць за высокую адзнаку майго эсэ. Але хачу ўдакладнiць, што гэтая перамога належыць толькi Вам, шаноўныя, бо калi б Вы не паспрыялi пераўтварэнню маiх патлумачванняў да вершаў у эсэ, то я больш не адважылася б пiсаць. А так я сёння зноўку пiшу», — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад супрацоўніцтва ў межах конкурсУ «Бацькаўшчына светлая мая» Надзея Лiтвiнюк з вёскі Велікарыта Маларыцкага раёна.

«Маладосць» сёння – больш чым часопіс. Гэта рэальна разнастайныя магчымасці для тых, каму па-сапраўднаму ёсць што сказаць свету. Адсюль і заклік у анкеце, распрацаванай для студэнтаў: «Калі хочаш быць не толькі чытачом, але і сустваральнікам часопіса…», і пытанні-прапановы, досыць неардынарныя, кшталту: «Уяві сябе галоўрэдам», або «Кепскі тэкст — гэта…», або «Ці існуюць для цябе тэмы-табу?». Анкета створана ў электроннай (запаўняецца на сайце «Маладосці») і папяровай форме. Апошняя будзе прапаноўвацца для запаўнення студэнтамі падчас серыі спецыяльных рэдактарскіх лекцый, якія пройдуць ва ўніверсітэтах у лістападзе і будуць выкладзены тэкстамі на Нацыянальным адукацыйным партале «КнігаСвет» у межах партнёрскага праекта «МаладосTEAM на ўвесь [Кніга]СВЕТ».

Рэдакцыя вельмі спадзяецца на шчырыя, падрабязныя, крэатыўныя адказы.

Калі вы студэнт (а нават калі і не студэнт), вы таксама можаце запоўніць анкету тут.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса «Маладосць».

Апублікавана:
Праглядаў:
494