Малая радзіма на акадэмічнай вышыні

Малая радзіма на акадэмічнай вышыні

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася фотавыстаўка “Бачу Беларусь такой” члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіслава Цыдзіка.

Яшчэ адзін Год малой радзімы прынёс творчыя выникі. З боку пісьменніцкага Саюза – гэта новыя выданні, у якіх шырокая геаграфія нашай краіны са змястоўным расповедам пра адметныя куточкі Беларусі. Сведчанне таго – выхад у свет у Выдавецкім доме “Звязда” зборніка прозы і паэзіі сучасных аўтараў “Мая Радзіма”. Гэтае выданне, як і папярэднія фотаальбомы “Зачараваны Беларуссю”, “Бачу Беларусь такой”, багата ілюстравана здымкамі Уладзіслава Цыдзіка.

Спалучэнне мастацкага слова з відовішчнымі здымкамі робіць успрыманне радзімы яшчэ больш глыбокім, шчымліва-трапяткім. Маляўнічыя старонкі выдання з пранікнёнымі аповедамі-споведзямі згадваюць чытачу пра яго родныя мясціны, Бацькаўшчыну, прымушаюць вяртацца да сваіх вытокаў, яшчэ больш цаніць іх значнасць.

Адначасова з прэзентацыяй выданняў фотамайстар Уладзіслаў Цыдзік наладжвае фотавыстаўкі сваіх работ, якія былі прадстаўлены на самых розных пляцоўках Беларусі, у тым ліку і за мяжой.

На здымках – унікальная прырода, старадаўняя і сучасная архітэктура, каларытныя беларускія твары.

Адкрыццё фотавыстаўкі, прысвечанай Году малой радзімы, у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мае асаблівае значэнне. Навукоўцы таксама вельмі актыўна далучыліся да вывучэння і папулярызацыі археалагічнай спадчыны рэгіёнаў Беларусі, яе моўнага багацця. Яны ўсё часцей ладзяць навуковыя канферэнцыі ў глыбінцы з тым, каб далучыць да краязнаўства, такога прыязнага да малой радзімы, як мага большую колькасць цікаўных.

Удзел у адкрыцці фотавыстаўкі “Бачу Беларусь такой” прынялі акадэмікі, грамадскія дзеячы, калегі з Камітэта дзяржкантролю, пісьменнікі, тыя, з кім Уладзіслаў Станіслававіч шмат гадоў працаваў і зараз падтрымлівае шчырыя сяброўскія стасункі.

“Радзіма – гэта тое, што яднае ўсіх нас”, – сказаў у прывітальным слове акадэмік П.А.Віцязь. 

З акадэмічнай вышыні, напэўна, асабліва відавочна, якую значнасць мае тое месца на карце, да якога хіліцца кожнае неабыякавае сэрца.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
407