«Масква вітае Беларусь кніжную…»
На 32-й Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пройдзе ў сталіцы Расійскай Федэрацыі 4 – 8 верасня 2019 года, краінай – ганаровым госцем гэтага прадстаўнічага асветніцкага форуму будзе Рэспубліка Беларусь. Пра тое, з якой праграмай едуць у Маскву беларускія кніжнікі, расказвае намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі.
— Ігар Іванавіч, якія адметнасці ў праграме работы нашых кнігавыдаўцоў, паліграфістаў на традыцыйнай і аўтарытэтнай выстаўцы?
— Па-першае, досыць вялікія абсягі і праграмы, і стэнда, якія прадстаўляюць сёлета Беларусь кніжную. 200 квадратных метраў — гэта, так бы мовіць, тэрыторыя, дзе прыйдуць нашы выдавецтвы. Па-другое, даволі шырокая праграма. Дарэчы, акрамя таго, што самі выдавецтвы яе склалі, шмат з’явілася новых партнёраў, шмат зацікаўленых засведчыць свае кніжныя амбіцыі ці проста кніжныя зацікаўленні.
Да работы на беларускім стэндзе далучыліся не толькі пісьменнікі, якія, зразумела, прадстаўляюць Саюз пісьменнікаў Беларусі, але і Нацыянальны гістарычны музей, які вязе ў Маскву выстаўку кніжнага знака, і Літаратурны музей Янкі Купалы, і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, і кінастудыя «Беларусьфільм»… А яшчэ па традыцыі з Міністэрствам інфармацыі, кніжнымі выдавецтвамі, «Белкнігай» на выстаўцы будуць працаваць і «Белкніга», на актыўнасць якой надзвычай спадзяёмся ў частцы пошуку шляхоў больш хуткай лагістыкі расійскай кнігі ў Беларусь, і Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
— Пэўна, «Беларусьфільм» едзе ў Маскву з мастацкім фільмам «Янка Купала»?
— Не зусім з фільмам, дакладней — не з поўным яго паказам, але з прэзентацыяй гэтага ўнікальнага і даволі амбіцыйнага ў творчым плане кінематаграфічнага праекта. Так, «Беларусьфільм» прэзентуе сваю новую работу ў Маскве, на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, дзе, дарэчы, мы правядзём і круглы стол з удзелам пісьменнікаў Беларусі і Расіі на тэму «Роля класікаў літаратуры ў фарміраванні грамадскіх працэсаў».
— І ўсё ж перш-наперш раскажыце, з якімі кніжнымі навінкамі едзеце ў Маскву?
— Следам за цырымоніяй адкрыцця выстаўкі і адкрыцця экспазіцыі «Рэспубліка Беларусь — ганаровы госць 32-й Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу» прэзентуем альманах «Созвучие. Беларусь — Россия», які вось-вось павінен выйсці з друку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Гэта ўжо традыцыйны праект. Раней было здзейснена чатыры выпускі такога літаратурна-мастацкага выдання.
«Созвучие» — сведчанне стасункаў беларускіх паэтаў і празаікаў з калегамі з розных нацыянальных літаратур Расіі. Ужо традыцыяй для нас стала знаёміць у Беларусі на беларускай і рускай мовах з паэзіяй, прозай аўтараў з Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Чачэнскай Рэспублікі, Марый Эл, Татарстана, Калмыкіі, Удмурціі, Чувашыі, Башкартастана, Карачаева-Чаркесіі, Інгушэціі, іншых рэгіёнаў, куточкаў Расіі. У нас і серыя адмысловая выходзіць —«Сябрына: паэзія народаў Расіі», у якой ужо выдадзены чатыры вершаваныя зборнікі.
А калі гаварыць пра кнігі пісьменнікаў Расіі, што ў апошнія гады пабачылі свет у Беларусі, то гэта проза і паэзія Алеся Кажадуба, Любові Турбіной, Валерыя Казакова, Барыса Косціна, Аляксандра Чэрняка, Яўгенія Еўтушэнкі, Валянціна Распуціна, Данііла Граніна, Наталлі Ігнаценкі, Роберта Мінуліна, Вячаслава Ар-Сяргі… Толькі што прыйшоў з друкарні зборнік вершаў чачэнскага паэта Адама Ахматукаева ў перакладзе на беларускую мову Міхася Пазнякова.
— У друку ці ў інтэрнэт-прасторы прамільгнула інфармацыя пра кнігу, прысвечаную акадэміку Яўхіму Карскаму…
— Гэты праект з’явіўся на свет дзякуючы партнёрству выдавецтва «Бяловагруп» і Паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа. Двухтомны жыццяпіс, прысвечаны легендарнаму беларусісту, істотная частка жыцця якога звязана з Расіяй, стварыў яго праўнук — Аляксандр Аляксандравіч Карскі. Раней раздзелы з будучай кнігі друкаваліся ў часопісе «Нёман». Санкт-пецярбуржца Аляксандра Карскага як чалавека, які прыадкрыў многія таямніцы гісторыі, добра ведаюць у беларускіх архівах, бібліятэках. Ён у апошнія гады часта выступаў на розных навукова-практычных канферэнцыях. І проста выдатна, што работа завершана, што кніга ў добрым паліграфічным выкананні прыходзіць да чытача. Спадзяюся, што двухтомнік Карскага пра Карскага заўважаць навукоўцы не толькі Беларусі і Расіі, але і спецыялісты ва ўсім славянскім свеце. Мы прэзентуем гэтую кнігу ў першы дзень маскоўскай выстаўкі.
— Вы згадвалі і пра ўдзел на выстаўцы-кірмашы бібліятэк...
— Так, Прэзідэнцкая бібліятэка прэзентуе (дарэчы, сумесна з Саветам па культурным супрацоўніцтве краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Выканаўчага камітэта СНД) праект «Чытаем разам — пазнаём адзін аднаго». Гэты праект ужо мае беларускую вядомасць. Сэнс яго ў наступным: прадставіць найлепшыя мастацкія кнігі, найлепшых аўтараў з нацыянальных літаратур краін СНД у нашай агульнай інтэграцыйнай прасторы. Мне здаецца, што добра было б, каб на гэты праект звярнулі ўвагу літаратурныя крытыкі, літаратуразнаўцы, кніжныя аглядальнікі з розных краін свету. Чаму б не асновай параўнальнага літаратуразнаўства ў фармаце СНД зрабіць разгляд менавіта кніг, вылучаных бібліятэкарамі, творчымі арганізацыямі саміх краін СНД. Гэта падкажа і пэўныя рэйтынгі і, магчыма, паўплывае на актыўнасць у цікаўнасці выдавецтваў з розных краін да іншанацыянальных літаратур, да мастацкага перакладу найлепшага, што створана ў апошнія десяць — дваццаць гадоў пісьменнікамі, у тым ліку і Беларусі.
— Ігар Іванавіч, асобна (наколькі мне вядомая праграма беларускай экспазіцыі) вылучаны кнігі славутай маскоўскай «маладагвардзейскай» серыі «Жыццё знакамітых людзей». Але ж на выстаўцы-кірмашы і само па сабе выдавецтва «Молодая гвардия» будзе працаваць…
— Але на нашым стэндзе мы прадставім усё ж такі беларускага аўтара «ЖЗЛ» пісьменніка Вячаслава Бандарэнку, які ўжо ці не пяць кніг выдаў і перавыдаў у Маскве ў знакамітай біяграфічнай серыі.
Вячаслаў Бандарэнка — беларускі тэлежурналіст, публіцыст. Яго кнігі добра распаўсюджваюцца і ў Мінску, а не толькі ў Маскве. І ўвогуле — на постасавецкай прасторы — паўсюль, дзе чытаюць на рускай мове. Беларускі пісьменнік — лаўрэат многіх прэстыжных літаратурных прэмій.
Яшчэ адзін аўтар «ЖЗЛ» будзе прадстаўляць сваю працу на беларускім стэндзе: гэта расійскі журналіст Мікалай Далгаполаў. Сярод яго многіх кніг ёсць і біяграфія Героя Савецкага Саюза, легендарнай беларускай партызанкі Надзеі Васільеўны Траян. Дарэчы, Мікалай Далгаполаў часта бывае ў Беларусі. Адну са сваіх прэзентацый, сустрэч з чытачамі правёў у мінскай кнігарні «Светач». Між іншым, сярод герояў кніг М.Далгаполава — і іншыя ўраджэнцы Беларусі, у прыватнасці, легендарныя разведчыкі Іван Бацян, Міхаіл Мукасей.
А поруч з гэтым праектам будзе асобна вылучана і прэзентацыя серыі выдавецтва «Мастацкая літаратура» — «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Таксама праект ужо вядомы і аўтарытэтны. На крайні выпадак — у нас, у Беларусі.
«Мастацкая літаратура» прывязе ў Маскву кнігі гэтай серыі пра лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага, ураджэнца Чэрвеньшчыны, пра таленавітага беларускага мастака, кавалера ордэна Францыска Скарыны, ураджэнца, між іншым, Яраслаўскай вобласці Барыса Аракчэева, пра легенду беларускай дзіцячай літаратуры Янку Маўра, кнігі якога ў свой час добра ведалі чытачы ўсяго Савецкага Саюза. Па «Палескіх рабінзонах» Янкі Маўра адкрывалі не толькі Палессе, але і ўвогуле Беларусь. Так што дзве серыі — маскоўская «ЖЗЛ» і мінская «ЖЗЛБ» — у многім блізкія, ідэнтычныя, таму і лагічным нам падаецца гаварыць на выстаўцы-кірмашы ў Маскве пра абодва ўнікальныя праекты.
Увогуле, хацеў бы звярнуцца да журналістаў, кніжных аглядальнікаў, да тых, хто піша пра кнігу ў сацыяльных сетках: звярніце ўвагу на такую ўнікальную падзею, як чарговая Маскоўская кніжная выстаўка-кірмаш, і на беларускі стэнд у прыватнасці. Хопіць і крэатыву, і змястоўнасці, розных навацый. Варта толькі адкрыць вокладкі кніг, угледзецца ў іх змест — і вы даведаецеся, а следам і сваім чытачам, карыстальнікам, у тым ліку і сацыяльных сетак, прынесяце шмат новага, адметнага, вартага ўвагі.
— Як беларуская экспазіцыя ў Маскве пазнаёміць наведвальнікаў — а сярод іх, думаю, будзе нямала і нашых землякоў — беларусаў, што жывуць і працуюць у Беларусі, з класічнай беларускай літаратурай? З кнігамі Якуба Коласа, Янкі Купалы?
— Будзе і «Новая зямля», і новае выданне перакладу на беларускую мову паэмы не чужога нам Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — таксама. І яшчэ — цэлы шэраг выданняў Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, не толькі па-беларуску, але і ў перакладах на рускую мову. Нагадаю, што ў 2020 годзе — 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай нацыянальнай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Ужо зараз Міністэрства інфармацыі разам з рознымі выдавецтвамі прапрацоўвае звязаныя з гэтай датай праекты, дзеля таго, каб дастойна праз кнігу ўшанаваць юбілей, ушанаваць пісьменніка, які шмат заклаў у свядомасць беларусаў.
— Застаецца пажадаць беларускай дэлегацыі плённай працы на 32-й Маскоўскай міжнароднай выстаўцы-кірмашы! Новых сустрэч, новых знаёмстваў!
— На заканчэнне хачу асабліва падкрэсліць, што і гэтая маскоўская выстаўка, і іншыя нашы міжнародныя праекты — добрая магчымасць наладжваць новыя стасункі, пашыраць прастору беларускай кнігі ў свеце. А з іншага боку — прыўносіць новыя выдавецкія ідэі ў айчыннае беларускае кнігавыданне. Над гэтым і будзем працаваць на выстаўцы, і, канешне ж, многія стасункі, сустрэчы, перамовы якраз і будуць скіраваны на пошукі новых шляхоў і ў палітыцы кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты "ЛіМ".