“Мастацкая літаратура”-2020: новая кніжная серыя

“Мастацкая літаратура”-2020: новая кніжная серыя

Галоўнае беларускае кніжнае выдавецтва мастацкай літаратуры ў нашай краіне традыцыйна ўважлівае да выдання гістарычнай прозы. У “Мастацкай літаратуры” выходзілі кнігі многіх аўтараў, хто ўзнаўляў блізкую і далёкую гісторыю Айчыны. 

– А зараз, на 2020 год, мы запланавалі новую серыю, -- расказвае дырэктар выдавецтва паэт і празаік Алесь Бадак. – Называцца яна будзе проста – “Беларуская гістарычная проза”. Але да кожнага тома падказкай будзе служыць пазнака стагоддзя, пра якое ідзе размова ў творы ці творах, калі гэтая кніга складзецца з некалькіх аповесцяў ці раманаў. 

– А якія кнігі пабачаць свет ужо ў 2020 годзе? – удакладняем у Алеся Мікалаевіча. 

– Мяркуем выдаць прыгодніцкі раман Леаніда Дайнекі “Меч князя Вячкі”, які адрасуе чытача да падзей XIII стагоддзя. Твор, як вядома, мае гістарычную аснову. У рамане – пра гераічную барацьбу гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі. Кніга прасякнута ідэямі аб неабходнасці яднання славянскіх народаў, а таксама бліжэйшых суседзяў – літоўцаў, латышоў, эстонцаў. Другая запланаваная кніга – раман Кастуся Тарасава “Пагоня на Грунвальд”. І яшчэ збіраемся выдаць у серыі “Беларуская гістарычная проза” раман Вітаўта Чаропкі “Храм без Бога”, які ўжо запрашае чытача ў XVI стагоддзе. 

– Ці будзеце выдаваць у серыі тое, што напісана сёння, зусім нядаўна? 

– Чаму б і не?! А яшчэ збіраемся дапаўняць кнігі з серыі “Беларуская гістарычная проза” архіўнымі дакументамі, каб крыніцы дапамагалі ўзнавіць атмасферу тых часін, якім прысвечаны мастацкія творы. 

Сяргей Шычко

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 384
Галіны дзейнасці:
Краіны: