Мінулае і сучаснасць Мінска прадставіць фотавыстаўка «Горад і час»

Мінулае і сучаснасць Мінска прадставіць фотавыстаўка «Горад і час»

12 верасня а 17 гадзіне ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр.Незалежнасці, 116, 2-гі паверх) адкрыецца фотавыстаўка «Горад і час», прымеркаваная да Дня горада. Экспазіцыя прадставіць здымкі Вадзіма Качана з фотапраекта «Знікаючы час».

Мінск – прыгожы горад з даўняй гісторыяй, але менавіта тады, калі ў горадзе пачынаюць жыць твае ўспаміны, ён становіцца родным і блізкім. Для Вадзіма Качана Мінск – яго жыццё.

У праекце аўтар параўноўвае свае ўспаміны мінулых гадоў з сённяшнім часам. Наведвальнікі галерэі могуць напоўніць кожны з фотаздымкаў сваімі ўласнымі ўспамінамі, думкамі, пачуццямі. Падумаць пра свой родны горад, паразважаць, параўнаць перамены ў ім, парадавацца новаму, аддаць данину памяці мінуламу, паабяцаць сабе захаваць каштоўнае і не згубіць сучаснае.

У кожнай раме размешчаны фотаздымак Мінска, выкананы ў 1980-х гадах, і фота сучаснага горада. Сустрэча архітэктурна-культурнага мінулага і сучаснасці знаёміць з горадам, які змяняецца ў плыні часу, заклікае ўзгадаць яго і запомніць, не пакідае абыякавым.

1980-я гады прадстаўлены чорна-белымі фотаздымкамі, зробленымі самымі распаўсюджанымі ў тыя гады камерамі “ФЭД” і “Зеніт”. Сучаснасць перададзена каляровымі здымкамі, зробленымі пры дапамозе тэлефона – самага распаўсюджанага фотаапарата нашых дзён. Такая разнастайнасць у сродках дэманструе яшчэ адно адрозненне эпох – тэхналагічнае. Тое, што ў 1980-я лічылася фантастыкай, сёння стала для нас рэальнасцю.

Значная ўвага ў праекце нададзена праспекту Незалежнасці – унікальнай архітэктурна-культурнай каштоўнасці, адной з самых працяглых еўрапейскіх гарадскіх магістралей, вытрыманых у адзіным стылі. Праспект праходзіць ад цэнтра да паўночнага ўсходу горада Мінска і доўжыцца 15 км.

Вадзім Качан – вядомы сучасны беларускі фатограф, выкладчык фатаграфіі, адзін з арганізатараў і першы старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў, член Беларускага саюза дызайнераў і Саюза фотамастакоў Расіі. Актыўна ўдзельнічае ў калектыўных выстаўках у розных краінах, адкрывае шматлікія персанальныя выстаўкі ў Беларусі і за мяжой. Аўтар шэрага серый дакументальных работ, плёначных і лічбавых.

Плануецца, што выстаўка будзе працававць да 17 кастрычніка 2019 года. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Апублікавана:
Праглядаў:
360