На фоне вала фэйкаў традыцыйныя СМІ маюць вельмі добры шанц умацаваць свой аўтарытэт

На фоне вала фэйкаў традыцыйныя СМІ маюць вельмі добры шанц умацаваць свой аўтарытэт

На фоне ўсё большага вала фэйкавых навін у традыцыйных СМІ з'яўляецца вельмі добры шанц пацвердзіць і ўмацаваць свой аўтарытэт надзейнага пастаўшчыка праверанай інфармацыі. Такое меркаванне выказаў першы намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі.

Першы намеснік Міністра адзначыў, што сёння ва ўсім свеце назіраецца ўсё большы вал фэйкавай інфармацыі ў інтэрнэце. Гэта ўласціва, перш за ўсё, інтэрнэт-рэсурсам, у тым ліку папулярным сацсеткам. "Але, з іншага боку, у традыцыйных друкаваных і электронных СМІ ёсць вельмі добры шанц пацвердзіць і ўмацаваць свой аўтарытэт надзейнага пастаўшчыка прафесійна падрыхтаванай, праверанай інфармацыі. Запатрабаванне менавіта на яе ў грамадстве расце - і гэта трэнд глабальны. Мяркуючы па апошніх сусветных навінах са сферы медыя, друкаваныя і электронныя рэсурсы спрабуюць гэты шанц выкарыстаць, пераконваючы сваю аўдыторыю, што менавіта яны з'яўляюцца пастаўшчыкамі максімальна якаснага і праўдзівага кантэнту ў адрозненне ад рэсурсаў, якія літаральна перапоўнены фэйкавымі навінамі. А інакш і быць не можа - напрыклад, падпісная мадэль распаўсюджвання ў сетцы медыяпрадукту не прымае ні прэснага, мала каму цікавага кантэнту, ні фэйкаў", - звярнуў увагу Павел Лёгкі.

Праблема фэйкаў непакоіць краіны практычна на ўсіх кантынентах. Вядома нямала скандальных і сумных прыкладаў, калі мэтанакіравана або выпадкова ўкінутая лжывая інфармацыя прыводзіла да сур'ёзных, сумных наступстваў. Вядомы факт, што больш за 50 працэнтаў карыстальнікаў сацсетак не могуць адрозніць фэйк ад праўды. А хуткасць распаўсюджвання лжывай інфармацыі ў разы перасягае хуткасць распаўсюджвання рэальных фактаў. "Таму ўстараніць небяспеку фэйкаў для грамадства спрабуюць на ўзроўні дзяржаў. У тым ліку праз спецыяльныя законапраекты. Але выключна юрыдычнымі інструментамі тут абысціся нельга. Дастатковага эфекту ад іх не будзе. Паралельна трэба самую сур'ёзную ўвагу сёння ўдзяляць павышэнню медыядасведчанасці грамадства і развіццю сваіх нацыянальных СМІ (і друкаваных, і электронных, уключаючы сеткавыя рэсурсы). Гэта важнейшая задача, ад вырашэння якой залежыць інфармацыйная бяспека дзяржавы", - падкрэсліў субяседнік.

Павел Лёгкі назваў памылковай думку, якая рэгулярна ўкідваецца, аб тым, што прастора інтэрнэту не павінна мець ніякага рэгулявання, што тут можна беспакарана рабіць усё, што хочаш. "Інтэрнэт - гэта даўно ўжо частка нашага паўсядзённага жыцця. У ім таксама павінны працаваць законы або, як мінімум, правілы прыстойнасці, якія дзейнічаюць у грамадстве, у міжасобасных стасунках", - перакананы ён.

"Нездарма два гады таму ў Германіі быў прыняты Акт аб законнасці ў сетцы. І ў іншых еўрапейскіх краінах ідзе актыўная работа як у частцы ўдасканалення нарматыўнай базы, так і кантролю за дзейнасцю сацыяльных сетак. Урад той жа Германіі штрафуе Facebook. Марк Цукерберг трымае шматгадзінны адказ у амерыканскім Кангрэсе. І гэта ніякім чынам не павінна разглядацца як абмежаванне свабоды слова. У рэшце рэшт самі адміністрацыі сацыяльных сетак удасканальваюць свае, ужо далёка не самыя кароткія, зводы правіл. Калі патрэбна, не чакаючы судовых рашэнняў, спрабуюць выключаць небяспечны для грамадства кантэнт. Больш таго, вядуць няпросты дыялог з урадамі - як у выпадку з прыняццем Францыяй законаў аб барацьбе з маніпуляваннем інфармацыяй", - сказаў першы намеснік Міністра.

Што датычыцца Беларусі, то пакуль, на думку Паўла Лёгкага, тая заканадаўчая база, якая ёсць у сферы масавай інфармацыі, дастатковая і прыняцця якіх-небудзь спецыяльных, так званых антыфэйкавых законаў не патрэбна. "Але мы, безумоўна, уважліва прыглядаемся да замежнага вопыту. Напрыклад, цікава, як будуць рэалізоўвацца аўстрыйскія заканадаўчыя ініцыятывы па частцы ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сеткі - у некаторым сэнсе мы гэты шлях прайшлі (і вопыт ацэньваю як пазітыўны - змрочныя прагнозы крытыкаў не спраўдзіліся), і ў нас, як мне здаецца, падыходы больш ліберальныя", - адзначыў першы намеснік Міністра.

"Мы разумеем, што свабода слова аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца замах на свабоду, гонар і годнасць іншага чалавека. Гэта вельмі тонкія матэрыі, таму пытанне і вырашаецца так цяжка, таму медыйныя інтэрнэт-рэсурсы і сацыяльныя сеткі пастаянна балансуюць на гэтай мяжы", - прадоўжыў ён.

Сёння ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў (і не толькі медыйных) сур'ёзна заклапочаны ўсё большымі аб'ёмамі фэйкавай інфармацыі на сваіх пляцоўках. "Мы вітаем той факт, што яны ўсё актыўней і актыўней пачынаюць з гэтым змагацца. Але, на жаль, асабіста я не бачу падстаў для аптымізму. Затое бачу, што намаганні, якія прыкладаюцца, пакуль не прыносяць жаданага выніку", - канстатаваў субяседнік.

Асабліва гэта датычыцца адносна невялікіх дзяржаў, якія не прыносяць вялікім медыямагнатам сур'ёзных прыбыткаў. "Складваецца ўстойлівае ўражанне, што адносіны з інстытутамі ўлады адміністрацыя, скажам, вялікай сацыяльнай сеткі выбудоўвае ў залежнасці ад узроўню манетызацыі на аднаго жыхара той ці іншай краіны. Магчыма, я памыляюся, але менавіта такое ўражанне склалася па вопыту работы Міністэрства інфармацыі з некаторымі вядомымі ігракамі на гэтым рынку. На жаль, але часам так здараецца, што яны не чуюць абгрунтаваных зваротаў з просьбай выдаліць інфармацыю, звязаную, напрыклад, з прапагандай і распаўсюджваннем наркотыкаў або нядобрасумленнай рэкламай", - сказаў Павел Лёгкі.

"Мы рэгулярна бачым нядбайнасць шэрага замежных інтэрнэт-пляцовак адносна беларускай тэматыкі ў выглядзе фэйкавых укідаў. І нярэдка - гэта відавочны заказ на такую медыяпрадукцыю. Але гэта праблема не адной нашай краіны, яна глабальная", - заўважыў субяседнік.

І Беларусь, процідзейнічаючы фэйкам, тым самым падключаецца да глабальнага агульнасусветнага працэсу. "Мы падтрымліваем фактчэкінг, выбудоўванне справядлівых адносін паміж краінамі і вялікімі міжнароднымі медыярэсурсамі. І са свайго боку пры кожнай магчымасці звяртаемся да міжнародных арганізацый з просьбай аказаць падтрымку тым краінам, на пасяджэннях парламетаў якіх Марк Цукерберг або Сундар Пічаі наўрад ці з'явяцца", - адзначыў Павел Лёгкі.

Ён упэўнены, што трэба яшчэ больш увагі ўдзяляць прафілактычнай рабоце. Неабходна растлумачваць, што такое фэйкавыя навіны, пашыраць фактчэкінг, вучыць (асабліва маладых людзей) аналізаваць інфармацыю ў сетцы. Размова ідзе пра павышэнне медыядасведчанасці беларусаў - задачу далёка не аднаго дня, вырашэнне якой патрабуе працяглых паслядоўных намаганняў. "Я веру, што будучыня ўсё ж не за "сам сабе рэжысёр" відэа або "ёсць акаўнт - вось і блогер" журналістыкай, а за прафесійнымі медыя, якаснымі прадуктамі журналісцкай працы, праверанай інфармацыяй", - рэзюмаваў першы намеснік Міністра.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 019
Крыніца: