Нацыянальныя культуры Літвы і Польшчы будуць прадстаўлены 4 і 5 жніўня ў Верхнім горадзе
4 жніўня з 13.00 да 17.00 на тэрыторыі Верхняга горада адбудзецца "Свята літоўскай культуры".
У гэты час мiнчукоў і гасцей будуць радаваць сваёй творчасцю калектывы з Літвы і Беларусі. Будуць прадстаўлены разнапланавыя выставы: жывапісу, мастацкай апрацоўкі дрэва, вязання, вышыўкі, вырабу лялек. Можна будзе набыць літаратуру Літвы.
Арганізатары свята - Мiнгарвыканкам, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, культурна-гісторыка-асветніцкая гарадская грамадская арганізацыя "Аб'яднанне літоўцаў "Віціс", рэспубліканская грамадская арганізацыя "Беларуская абшчына літоўцаў".
5 жніўня ля ратушы з 13.00 да 23.00 сваім мастацтвам парадуюць беларусаў польскія творчыя калектывы і артысты. На галоўнай сцэне выступіць цэлы калейдаскоп калектываў польскай дыяспары ў Беларусі, эфектна завершыць праграму Маладзёжны духавы аркестр з Польшчы і шоу мажарэтак.
У праграме свята навукова-забаўляльныя майстэрні для дзяцей і дарослых, майстар-клас па эка-дызайну і рамёствам, навуковая прэзентацыя ад Лодзінскага універсітэта, вулічны спектакль, лінгва-адукацыйны кірмаш, на яком можна пазнаёміцца з праграмамі па вывучэнні польскай мовы, і многае іншае.
Вечарам меламаны атрымаюць асалоду ад выдатнай музычнай праграмай ад хэдлайняраў з Польшчы.
Арганізуюць польскі фэст Мінгарвыканкам, амбасада Польшчы ў Беларусі і Польскі інстытут у Мінску.