Новая кніга выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» расказвае пра Палессе

Новая кніга выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» расказвае пра Палессе

Палессе – дзівосны і загадкавы край Беларусі, гісторыка-геаграфічная і этнаграфічная вобласць у басейне ракі Прыпяць. Балоты, шматлікія рэкі, мяккі клімат – усё гэта наклала своеасаблівы адбітак на матэрыяльную і духоўную культуру карэнных жыхароў рэгіёна – палешукоў. Схаванае ў балоцістых лясах Палессе заўсёды прыцягвала і працягвае сваёй таямнічасцю. Шмат этнаграфічных экспедыцый на Палессе было здзейснена ў пачатку 20 ст. У выданні «Вандроўкі па Палессі», падрыхтаваным доктарам мастацтвазнаўства В.А.Лабачэўскай, прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску, большасць якіх публікуецца ўпершыню. Яны выкананы ў 1923—1939 гг. у 58 населеных пунктах Заходняга Палесся. Гэта каштоўныя візуальныя дакументы па этнаграфіі, архітэктуры, краязнаўстве беларускага і ўкраінскага Палесся, гісторыі Пінска і яго музея. У кнізе таксама разгледжана гісторыя ўзнікнення фоталетапісу Палесся, стварэння фотакалекцыі Музея Беларускага Палесся, прыведзены біяграфіі мясцовых фатографаў і даследчыкаў, зроблены каментарыі да фотаздымкаў.


Выданне будзе карысна ўсім зацікаўленным у вывучэнні Беларускага Палесся, этнаграфіі і культуры нашай краіны, можа быць выкарыстана настаўнікамі школ і выкладчыкамі ВНУ як дыдактычны матэрыял. 




Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.
Апублікавана:
Праглядаў:
289