Новая кнігарня ў Віцебску

Новая кнігарня ў Віцебску

4 лістапада 2019 г. у 11.00 у г.Віцебску (вул.Леніна, 1-76) адбудзецца адкрыццё кнігарні “Кніжная зорка”. Гандлёвы аб’ект стане 88-й кніжнай крамай сеткі ААТ “Белкніга” у Рэспубліцы Беларусь і 10-й у г.Віцебску.

Магазін з гандлёвай плошчай 243,5 м2 умоўна падзелены на некалькі зон – гандлёвая зала, дзіцячая і прэзентацыйная зоны, кавярня, зона для сэлфі.

Наведвальнікам будзе прадстаўлены не толькі шырокі выбар кніжнай прадукцыі, сувеніраў, канцылярскіх і папярова-белавых тавараў, але і магчымасць сустрэцца з папулярнымі беларускімі аўтарамі, атрымаць аўтограф, пачытаць кнігу за кубкам кавы.

З дапамогай сэнсарнай панэлі, размешчанай у гандлёвай зале, пакупнікі змогуць даведацца аб наяўнасці патрэбнай кнігі не толькі ў дадзенай кнігарні, але і ва ўсёй гандлёвай сетцы ААТ «Белкніга». Акрамя інфармацыі аб наяўнасці кніг, на панэлі таксама будзе прайгравацца розны рэкламны кантэнт – анонсы навінак дзяржаўных выдавецтваў, анонсы прэзентацый кніг і творчых сустрэч з аўтарамі, буктрэйлеры і многае іншае.

Асаблівае месца на паліцах крамы зоймуць кнігі, прысвечаныя віцебскаму краю, яго гісторыі і знакамітым людзям, а таксама мастацкія творы пісьменнікаў, чый лёс звязаны з віцебскай зямлёй – “Знак Бяды. Абеліск. Жураўліны крык” Васіля Быкава, “Ніці лёсу” Генадзя Бураўкіна (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), “Очерки Витебской Белоруссии”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Колосья под серпом твоим”, “Ладья роспачы” з серыі “Беларуская класіка па-руску” Уладзіміра Караткевіча, 90-гадовы юбілей якого будзе адзначацца ў наступным годзе (выдавецтва “Беларусь”), энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі. Віцебская вобласць” (выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”) і іншыя.

У дзень адкрыцця будзе дзейнічаць зніжка 10% на ўвесь асартымент крамы.

Апублікавана:
Праглядаў:
767