Новыя кнігі выдавецкага дома "Звязда"
У Выдавецкім доме “Звязда” ўбачылі свет новыя выданні.
Сярод навінак – кніга вядомага пісьменніка Навума Гальпяровіча “Подых пяшчоты”.
У зборнік ўвайшлі аднайменная аповесць, навелы, эсэ і сентыментальная хроніка.
Шчырасць і спавядальнасць – вось што прыцягвае чытачоў. Часам нават цяжка знайці мяжу паміж героем твораў і самім аўтарам, хаця аўтар пастаянна заклікае не атаясамліваць сваіх персанажаў з рэальнымі людзьмі. Але ў сентыментальнай хроніцы дзейнічаюць не прыдуманыя, а рэальныя асобы. Усё гэта складае своеасаблівы свет – свет дабрыні, прыгажосці і сапраўднай пяшчоты.
Яшчэ адна навінка – “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” Людмілы Рублеўскай.
Галоўным героям першай часткі гістарычнага фэнтэзі-рамана Людмілы Рублеўскай – шляхціцу Пранцішу Вырвічу і яго вернаму спадарожніку доктару Баўтрамею Лёдніку – давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцка, Менска і Полацка, здабыць дзіду святога Маўрыкія, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай самім Леанарда да Вінчы... Падзеі рамана адбываюцца ў XVIII стагоддзі – у эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў. Пазнаёмцеся з Вырвічам-шкаляром – і вам абавязкова захочацца дазнацца, што адбывалася далей з Вырвічам-студыёзусам, Вырвічам-драгуном і нават Вырвічам-здраднікам.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты “Звязда” (zviazda.by).