Па вокладках сустракаюць

Па вокладках сустракаюць

Маштабны форум на працягу 28 гадоў аб’ядноўвае выдавецтвы, пісьменнікаў і чытачоў. Гэтым разам кніжныя навінкі на працягу чатырох дзён прэзентуюць 281 экспанент з 20 краін свету, сярод якіх — Расія, Казахстан, Украіна, Германія, Турцыя ды іншыя.

Літаратурная справа заўсёды была і застаецца адной з самых крэатыўных. Таму і кніжны кірмаш — гэта падзея, якую нельга прапус­ціць. У гэтым годзе арганізатары адышлі ад традыцыйнага падыходу афармлення прасторы і пераўтварылі выставачны комплекс на праспекце Пераможцаў у «вялікі дом, дзе гаспадарыць Кніга». 

— У якасці гасцёўні ў нас цэнтральная пляцоўка Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Тут наведвальнікі мо­гуць азнаёміцца з экспазіцыяй выданняў, якія ў свой час атрымлівалі Гран-пры міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». Цікава зазірнуць і ў кабінет пісьменніка, дзе праходзяць сустрэчы з літаратарамі, аўтограф-сесіі. Нацыянальны стэнд Беларусі па задумцы ўяўляе сабой гэткую творчую кухню, дзе ствараюцца свежыя цікавыя кніжныя праекты. Там можна азнаёміцца з усімі выданнямі, якія пабачылі свет у 2020 годзе. Каля пяці тысяч кніг на адным стэндзе! Тут жа можна задаць пытанні пісьменнікам і выдаўцам і нават убачыць герояў некаторых выданняў. Карацей кажучы, поўнасцю пагрузіцца ў працэс стварэння кніг, — паведаміў журналістам начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч. — Выстаўка-кірмаш — гэта і месца сямейнага адпачынку, таму не забыліся і пра маленькіх наведвальнікаў. Для іх прыдумалі сучасны дзіцячы пакой з кніжнымі забавамі. 



Свой куточак у «кніжным доме» і ў беларускіх пісьменнікаў-пачаткоўцаў. У межах выстаўкі яны ўдзельнічаюць у першым літаратурным стартапе LitUP. Праект прыдумалі для пошуку, падтрымкі і папулярызацыі твораў маладых талентаў. Конкурс право­дзіцца па намінацыях проза, паэзія, дзіцячая літаратура, літаратура для падлеткаў, нон-фікшн. Аўтары-пераможцы атрымаюць прыярытэтнае права на публікацыю сваіх кніг у адным з дзяржаўных выдавецтваў тыражом да тысячы экзэмпляраў. 

Вопытныя аўтары і выдаўцы збяруцца на традыцыйным сімпозіуме «Пісьменнік і час».



— Слова мае вялікае значэнне і моцна ўздзейнічае на людзей. Мы хочам пачуць меркаванне літаратараў, грамадскіх дзеячаў пра ролю пісьменнікаў ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз. Кожны жадаючы можа падключыцца да нашай сустрэчы анлайн 19 лютага ў 11 гадзін і выказацца ці задаць пытанне ўдзельнікам, — расказаў Ула­дзімір Андрыевіч. 

Слоган выстаўкі ў гэтым годзе — «Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны». Трапныя словы тычацца адразу дзвюх знакавых падзей для Беларусі — 30-годдзя заснавання СНД і Года народнага адзінства.




Кожны дзень наведвальнікі кірмашу могуць тра­піць на анлайн-сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі проста з выставачных павіль­ёнаў. Так, цікавую разнапланавую праграму абяцаюць у межах праекта «Расійскія выдаўцы — беларускім чытачам». У прамы эфір выйдуць топавыя аўтары — Аляксей Слапоўскі, Аляксей Іваноў, Яўген Вадалазкін, Гузель Яніхіна, Леанід Юзефовіч, Аляксей Варламаў, Людміла Уліцкая, Алег Рой, Ганна і Сяргей Літвінавы і іншыя.



СКАЗАНА

Раман Галоўчанка, Прэм’ер-міністр:

— Назіраючы, колькі людзей прыйшлі на выстаўку, можна быць упэўненым, што цікавасць людзей да традыцыйнай кнігі жыве. Яна вяртаецца і набірае моц пасля эпохі інтарэсу да электронных кніг. На мой погляд, папяровыя кнігі ніколі не знікнуць. Гэта сапраўднае мастацтва рэдактараў, ілюстратараў і друкароў.

Ігар Луцкі, Міністр інфармацыі:

— Беларусь была, ёсць і будзе тэрыторыяй міру і згоды. Арганізатары выбралі цэнтральным экспанентам выстаўкі Садружнасць Незалежных Дзяржаў. На працягу доўгага часу СНД праводзіць конкурс «Мастацтва кнігі» — гэта вельмі важны гуманітарны праект, які аб’ядноўвае людзей і краіны. Вялікі дзякуй усім удзельнікам выстаўкі-кірмашу, якія, нягле­дзячы на эпідымічную сітуацыю ў свеце, прыехалі да нас, каб паказаць свой кніжны свет. За чатыры дні на нашых пляцоўках пройдзе шмат сустрэч і абмеркаванняў, галоўная мэта якіх — несці мір, згоду і адзінства. 

ДАРЭЧЫ

Трапіць на выстаўку можна на адмысловым транспарце. Ад станцыі метро «Няміга» да выставачнага комплексу ў дні кніжнага кірмашу курсіруе «Паэтычны аўтобус», аформлены Мінскай гарадской арганізацыяй БРСМ. Унутры рознакаляровага салона гучаць вершы класікаў, пасажыры могуць пагартаць кніжныя навінкі з імправізаванай міні-бібліятэчкі. Прыемны бонус — за квіток плаціць не трэба. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».