Прэс-канферэнцыя па выніках міжнароднага круглага стала "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго"

Прэс-канферэнцыя па выніках міжнароднага круглага стала "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго"

Сёння ў Доме прэсы адбылася прэс-канферэнцыя па выніках міжнароднага круглага стала "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго", які прайшоў у рамках Дня беларускага пісьменства ў музеі Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна.

Новыя сумесныя праекты беларускіх і замежных літаратараў з'явяцца ў 2018 годзе, паведаміў журналістам намеснік дырэктара РВУ "Выдавецкі дом "Звязда", галоўны рэдактар часопіса "Нёман" Аляксей Черота падчас прэс-канферэнцыі. Такія дамоўленасці былі дасягнуты па выніках сустрэчы ў Іванава.

"Да круглага стала былі падрыхтаваныя спецыяльныя выпускі часопісаў "Нёман", "Маладосць", "Бярозка", два выпускі газеты "Літаратура i мастацтва" таксама былі прысвечаны гэтай падзеі. А ўжо ў 9-м нумары часопіса "Нёман" будуць апублікаваныя вершы нашай госці з Башкартастана Зульфіі Ханнанавай. Вяліся перамовы з пісьменнікамі з іншых краін. Думаю, што ў бліжэйшы час з іх творчасцю мы зможам пазнаёміцца на старонках нашых перыядычных выданняў", - распавёў Аляксей Чарота.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе ўпершыню ў круглым стале прынялі ўдзел літаратары з Узбекістана, Кыргызстана, Эквадора. "Размова ішла аб перакладах нацыянальнай літаратуры на розныя мовы, замежныя госці прадставілі літаратурную дзейнасць сваіх краін, беларусы распавядалі аб тым, што адбываецца ў нашым літаратурным працэсе, аб дасягненнях і праблемах", - адзначыў намеснік дырэктара.

Аляксей Чарота дадаў, што ў наступным годзе праект можа прайсці ў новым фармаце, што дазволіць шырэй падчас дыскусіі ўявіць беларускую літаратуру. "Час правядзення круглага стала абмежавана, а да нас прыязджае шмат замежных удзельнікаў, і ў першую чаргу мы павінны даць магчымасць ім выказацца. Але падчас двух дзён правядзення Дня пісьменства беларускія і замежныя літаратары сустракаюцца, дамаўляюцца аб сумесных праектах. Паспрабуем памяняць фармат круглага стала, што дазволіць, магчыма, ужо ў наступным годзе шырэй прадставіць беларускую літаратуру", - падкрэсліў ён.

“Практычна ўсе краіны-ўдзельніцы круглага стала цікавяцца выдавецкай сістэмай Беларусі” – такое меркаванне выказаў Талантбек Джумабаеў, кыргызскі журналіст і публіцыст. “Тут вам можна толькі пазайздросціць” – адзначыў ён.

І сапраўды, на пастсавецкай прасторы выдавецкая справа ў Беларусі займае пазіцыю лідэра. Гэта адзначаюць як прадстаўнікі беларускіх выдавецтваў, так і госці з замежжа. Літаратары найперш адзначылі наяўнасць вялікай пляцоўкі для публікацый у выглядзе літаратурна-мастацкіх часопісаў. Па словах таго ж Талантбека Джумбаева, рэдка ў якой краіне існуе такая колькасць літаратурных перыядычных выданняў.

Алесь Бадак адзначыў, што круглы стол літаратараў выйшаў далека за межы літаратуры. Гэта не проста аднаразовае мерапрыемства, але прадуктыўная размова, якая мае пэўныя творчыя і практычныя наступствы.

Святлана Воцінава, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” запомніла найперш эмацыйны фон мерапрыемства. Яна адзначыла, што зносіны, сяброўства і справавыя кантакты ладзяца, у першую чаргу, не падчас фармальнай размовы, а, напрыклад, падчас сумеснай паездкі з замежнікамі на аўтобусе па беларускай правінцыі, у кулуарах і па-за аб’ектывам журналісцкай камеры.

Усе ўдзельнікі адзначылі, што круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго” прайшоў прадуктыўна. Варта адзаначыць, што ўпершыню за час існавання круглага стала літаратараў у гэтым годзе вялася прамая трансляцыя ў Twitter, Facebook i Youtube.

Такія круглыя сталы на палях Дня пісьменства праводзяцца з верасня 2007 года. За гэты час у Беларусі пабывалі пісьменнікі Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кітая, Малдовы, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны, Чарнагорыі і іншых краін. Усталяваліся трывалыя міжнародныя літаратурныя сувязі, іх вынікам сталі кнігі перакладаў беларускай паэзіі і прозы на мовы народаў свету. У прыватнасці, яны выдадзеныя ў Ашхабадзе, Баку, Грозным, Душанбэ, Ерэване, Казані, Маскве, Элісте. Паэты Чынгіз Аліоглу (Азербайджан) і Эдвард Мілітонян (Арменія) былі адзначаны медалямі Францыска Скарыны.

Арганізатарамі круглага стала выступілі Мінінфарм, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Іванаўскі райвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, выдавецкі дом "Звязда" і інш.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 254