Прэс-канферэнцыя па выніках удзелу беларускай дэлегацыі ў XII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Ашхабадзе

Прэс-канферэнцыя па выніках удзелу беларускай дэлегацыі ў XII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Ашхабадзе

Прэс-канферэнцыя на тэму: «Аб выніках удзелу беларускіх кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджавальнікаў у XII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы друкаванай прадукцыі і навуковай канферэнцыі «Кніга – шлях супрацоўніцтва і прагрэса (Туркменістан)» прайшла ў прэс-цэнтры Дома прэсы 

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аляксандр Бадак, намеснік дырэктара выдавецтва «Народная асвета» Юлія Дашкевіч, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Крачава, намеснік дырэктара выдавецтва «Беларусь» Марына Ланцэтава, намеснік дырэктара выдавецтва «Пачатковая школа» Вікторыя Філіпкова, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга» Генадзь Сілінскі.

Як паведаміў Алесь Бадак, у адкрыцці экспазіцыі нашай краіны актыўны ўдзел прынялі туркменскія выдаўцы і пісьменнікі, з якімі ў апошні час наладжаны досыць добрыя сувязі. Тэмай для двухбаковых зносін сталі новыя праекты, звязаныя з выданнем адукацыйнай літаратуры, з прадстаўленнем кніжных навінак, якія расказваюць пра турыстычны патэнцыял нашых краін.

Намеснік дырэктара выдавецтва «Народная асвета» Юлія Дашкевіч расказала аб сустрэчах, якія ў бліжэйшай перспектыве прывядуць да рэалізацыі шматлікіх творчых праектаў. Плённай была рабочая сустрэча беларускай дэлегацыі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Туркменістан Алегам Табанюхавым.

«У рамках выставы прайшоў конкурс кніжнага мастацтва. З сямі намінацый у чатырох перамагла Рэспубліка Беларусь: «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век» Чынгіза Айтматава («Народная асвета»), «Беларускі касцюм» («Беларусь»), «Развитие речи» («Пачатковая школа»), кніга вершаў Валянціны Паліканінай «Ни к чему быть одному» («Мастацкая літаратура») – кнігі-пераможцы, якія і ў нашай краіне заўважаныя», – адзначыла намеснік дырэктара выдавецтва «Беларусь» Марына Ланцэтава.

Разам з іншымі добрымі весткамі аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і туркменскімі кнігавыдаўцамі дэлегацыя з Мінска прывезла дадому навіны аб новых публікацыях беларускіх аўтараў на старонках туркменскага перыядычнага друку. Як паведаміла намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Крачава, апошнім часам у перакладзе на туркменскую мову ў Туркменістане на старонках часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») і газеты «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва») былі надрукаваны творы Сяргея Трахімёнка, Алеся Бадака, Ірыны Карнаухавай, Міколы Мятліцкага, Таццяны Сівец і іншых літаратараў з Беларусі.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 327
Галіны дзейнасці:
Краіны: