Прэзентацыя кнігі аднаго верша “А хто там ідзе?” у перакладзе на 100 моў свету ў музее імя Янкі Купалы
Кніга ўбачыла свет напрыканцы сакавіка 2018 года ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Музей ладзіць прэзентацыю сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. Верш “А хто там ідзе?” прагучыць з вуснаў прадстаўнікаў нацыянальных дыяспар: Грузіі, Малдовы, Украіны, Карэі, Германіі, Казахстана, Літвы, Татарстана, Чэхіі. У аўтарскім перакладзе на адну з моў народаў Дагестана – карацінскую – верш прагучыць у выкананні пісьменніка Хізры Асадулаева.
Сярод перакладчыкаў праекта – Расул Гамзатаў, Вера Рыч, Найдан Вылчаў, Антанас Венцлава, Максім Горкі, Мар’ян Сэрватка, Дзмітро Паўлычка, іншыя знакамітыя асобы.
Акрамя перакладаў і арыгінальнага тэксту верша, выданне змяшчае дзясяткі карцін беларускіх і замежных мастакоў, якія звярталіся да жыцця і творчасці народнага песняра.