Новыя сустрэчы аўтараў Выдавецкага дома «Звязда» з чытачамі

Новыя сустрэчы аўтараў Выдавецкага дома «Звязда» з чытачамі

Дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая пазнаёміла гродзенскіх школьнікаў з кнігамі, якія выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда».

Гэта выданні незвычайных фарматаў: кніга-перакрутка, кніга-гаджэт, кніга-квэст... Некаторыя з іх убачылі свет у гэтым годзе. Прэзентацыя стала для дзяцей сапраўдным міні-спектаклем з казачнай феяй, незвычайным персанажам Вухуцікам і падарожжам у дзівосны кніжны свет.

Мерапрыемства прайшло ў гарадской дзіцячай бібліятэцы і гродзенскай гімназіі № 1. Школьнікі з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы з пісьменніцай. Многім спадабаўся інтэрактыўны фармат, які выбрала для размовы са сваімі слухачамі Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

У дзіцячым аддзеле Гродзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.Макаёнка нямала літаратуры Выдавецкага дома «Звязда».

— Мы часта заказваем кнігі Выдавецкага дома «Звязда», і яны карыстаюцца вельмі шырокім попытам. Выданні даволі цікавыя, маляўнічыя, яны не проста стаяць у нас на паліцах, а актыўна чытаюцца. Вось можна на выстаўцы ўбачыць гэтыя кніжкі і колькі чалавек іх прачытала. Як бачым, дзясяткі, — расказвае загадчыца аддзела Тамара Хламко. — Зараз даволі часта бацькі просяць кніжкі на беларускай мове. Я сама іх чытаю з задавальненнем, таму рэкамендую і бацькам.

Пісьменніца абрала для сябе вобраз казачнай феі ў залатым бліскучым адзенні. Кацярына Хадасевіч-Лісавая працуе ў школе, і штодзённыя размовы з дзецьмі дапамагаюць ёй ствараць цікавых персанажаў і фантастычныя сюжэты.

— Я выбрала вобраз чараўніцы, якая стварае казкі, прыносіць іх дзецям, бо іх трэба зацікавіць, у тым ліку і знешнім выглядам. Але гэта не проста фея, а кніжная фея, бо такая мая спецыяльнасць — фея, якая стварае кніжкі, — тлумачыць свой імідж Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

На сустрэчы ў Гродне пісьменніца прадставіла кніжкі незвычайных фарматаў: кніга-перакрутка, кніга-гаджэт «Падабайка», кніга-квэст, кніга-падарожжа. Гэтыя выданні самыя новыя. Усе выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда», з якім пісьменніца плённа супрацоўнічае. А хутка ў выдавецтве з'явіцца новая кніга дзіцячай пісьменніцы. І гэта, па яе словах, незвычайная гісторыя, якая адбываецца ў дзівосным лесе. Кніга ўжо напісана, зараз ствараюцца ілюстрацыі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».
Апублікавана:
Праглядаў:
529