Прэзентацыя новага выдання Ларысы Рублеўскай
Дарэчы, сыграў галоўнага героя, Пранціша Вырвіча, у экранізацыі першага рамана серыі маладзечанец, малады акцёр Георгій Пятрэнка. Так што пісьменніца Людміла Рублеўская, якая прыехала разам з прадстаўнікамі Выдавецкага дома «Звязда» на прэзентацыю сваіх кніг у Маладзечанскую цэнтральную раённую бібліятэку імя М.Багдановіча, была рада зноў завітаць на радзіму свайго героя.
Супрацоўнік бібліятэкі, вядомы краязнаўца і пісьменнік Міхась Казлоўскі распавёў тым, хто наведаў прэзентацыю, пра творчасць Людмілы Рублеўскай, падкрэсліўшы, што ў кожнай яе кнізе гучыць любоў да Беларусі. Творы пісьменніцы перакладаюцца і выдаюцца за мяжой, папулярызуючы там беларускую гісторыю. Людміла Іванаўна расказала пра працэс экранізацыі кнігі, у якім яна ўдзельнічала. Прысутным прадэманстравали трэйлер фільма і тэлесюжэты пра стварэнне кіно. Вядома, усе чакаюць сустрэчы на экранах з першым беларускім гістарычным фэнтэзі, пракат якога з-за пандэміі быў адкладзены.
Пісьменніца адказала на пытанні гасцей вечарыны, распавяла пра свае рубрыкі на старонках газеты «Звязда» і архіўныя доследы. Напрыканцы імпрэзы прысутныя змаглі набыць кнігі і атрымаць аўтограф аўтара.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».