Пяцідзесяцімоўная песня

Пяцідзесяцімоўная песня

Адна з задач сучаснай нацыянальнай літаратуры — выконваць дыпламатычныя функцыі, служыць сродкам умацавання культурных сувязяў. Лепшы шлях для гэтага — пераклады. Ідэі сяброўства, еднасці, мудрасці, якія не ведаюць моўных і тэрытарыяльных межаў, аб’ядноўвае пад вокладкай кніга аднаго верша вядомага індыйскага літаратара, кампазітара і мастака Рабіндраната Тагора «Мая залатая Бенгалія» (Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа, 2019). Верш гэты — нацыянальны гімн Рэспублікі Бангладэш, словы любові да радзімы, захаплення ёй і ўдзячнасці.

Кніга ўтрымлівае больш за 60 тэкстаў аднаго і таго ж верша, перакладзенага на 49 моў свету. Найбольшая колькасць перакладаў — па-беларуску. Іх зрабілі Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч, Сяргей Панізнік, Марыя Кобец і Надзея Салодкая. Параўноўваць гэтыя пераклады можна па словах, выбар якіх часта адрозніваецца даволі рэзка — ад памяншальна-ласкальных суфіксаў у адным да «вялікапышнасці» ў іншым, але настрой і насычаную каляровасць твора яны перадаюць напоўніцу.

Выданне аздоблена работамі мастака Бангладэш Зайнула Абедзіна, якія адлюстроўваюць цяжкі перыяд у жыцці бенгальцаў, час голаду ў 1943 годзе. Магчыма, такі кантраст з жыццесцвярджальным і светлым тэкстам дазволіць больш глыбока зразумець культуру краіны.

Поўная назва кнігі — «“Мая залатая Бенгалія” на мовах народаў свету» — апраўдвае сябе. Асабліва зборнік спадабаецца чытачу, які цікавіцца так званымі «малымі» літаратурамі і лінгвістыкай увогуле. Праз змест гэтай кнігі некаторыя мовы ён можа сустрэць упершыню. Магчыма, гэта апраўдана канцэпцыяй —  Рабіндранат Тагор выканаў вялізную ролю ва ўмацаванні нацыянальнай культуры і дзяржаўнасці Бангладэш. Аўтар прадмовы да кнігі Рашэд Мустафа Сарвар, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі, прыводзіць словы Тагора: «Наша духоўнае выхаванне ішло паспяхова, таму што мы вучыліся ў дзяцінстве менавіта на бенгальскай мове… Нягледзячы на тое, што паўсюль сцвярджалі пра неабходнасць англійскага выхавання, мой брат быў дастаткова ўпарты, каб даць нам “бенгальскае”».

Мая залатая Бенгалія,

Я закаханы навек...

«Думаю, што так да сваёй Радзімы, да свайго роднага краю гатовы звярнуцца сын кожнай краіны», — кажа аўтар прадмовы. Падаецца, што ідэя гэтай кнігі — стварыць агульнасусветную песню захаплення. Таму і гаварыць пра гэтае выданне варта як пра сімвал празмежнай і празмоўнай любові.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.

Апублікавана:
Праглядаў:
238