Родная мова павінна кансалідаваць грамадства
21 лютага ўвесь свет адзначае Дзень роднай мовы. Менавіта ў гэты дзень газета “Звязда” ў рубрыцы “Размова па сутнасці” надрукавала на вялікі разварот інфармацыю аб “круглым стале”, які адбыўся у рэдакцыі ўрадавай і парламенцкай газеты.
Гутарка атрымалася надзвычай аўтарытэтная і прафесіянальная, бо удзельнічалі ў ёй людзі, якія маюць да беларускай філалогіі самае непасрэднае дачыненне: Аляксандр Лукашанец, доктар філалагічных навук, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, Ігар Капылоў, кандыдат філалагічных навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў і др.
Адна з тэндэнцый апошняга часу – беларускую мову пачалі больш шырока ўжываць у розных сферах нашага жыцця. На ёй размаўляе моладзь у сеціве, пачынае гаварыць наш бізнес, яна усё часцей гучыць у храмах... Што гэта? Шчырая зацікаўленасць, ці даніна нейкай модзе, якая ў хуткім часе міне?
“Тут варта найперш заўважыць, што мы жывём у асяроддзі беларускай мовы, і гэта асяроддзе, будзем спадзявацца, пашырыцца. Гэта і не мода, гэта і не цікаўнасць – гэта рэальнае жыццё беларускай мовы, як і любой жывой мовы”, - лічыць Аляксандр Лукашанец.
У час размовы былі разгледжаны і іншыя пытанні. Такія як з’яўленне новых разнавіднасцей мовы і сацыяльных дыялектаў, ужыванне мовы ў сетцы інтэрнэт, як пазбягаць памылак на шыльдах і у рэкламе.
Адносна памылак у геаграфічных назвах Аляксандр Лукашанец выказаў меркаванне аб неабходнасці стварэння службы, якая будзе кантраляваць візуальныя надпісы на прадмет правапісу на абедзвюх дзяражаўных мовах.
У завяршэнне размовы было адзначана, што беларуская мова павінна стаць фактарам аб’яднання, яна павінна кансалідаваць наша грамадства. Для гэтага неабходна пазбавіць беларускую мову як палітычных, так і культурных ярлыкоў і супрацьпастаўленняў.